Брытанскае выданьне спасылаецца на новае дасьледаваньне, паводле якога за апошняе стагодзьдзе мужчыны ва ўсім сьвеце павялічвалі свой рост і вагу ўдвая хутчэй, чым жанчыны, што прывяло да больш значных адрозьненьняў паміж поламі.
«Мы атрымліваем разуменьне таго, як полавы адбор сфармаваў целы мужчын і жанчын, а таксама як паляпшэньне ўмоваў жыцьця, у тым ліку харчаваньня, і зьніжэньне ўзроўню захворваньняў вызваліла нас ад гэтых абмежаваньняў», — The Guardian цытуе прафэсара Льюіса Гэлсі з Унівэрсытэту Роўхэмптана ў Вялікай Брытаніі.
Выданьне піша, што Гэлсі і ягоныя калегі выкарысталі дадзеныя Сусьветнай арганізацыі здароўя, замежных уладаў і брытанскія дадзеныя, каб прааналізаваць, як зьмяняліся рост і вага ў залежнасьці ад умоў жыцьця. Апошнія ацэньваліся па індэксе разьвіцьця чалавека (HDI), які ўключае паказчыкі працягласьці жыцьця, часу навучаньня і даходу на душу насельніцтва, якія вымяраліся ад нуля да адзінкі.
Аналіз дадзеных зь дзясяткаў краін паказаў, што пры павелічэньні HDI на 0,2 пункта жанчыны ў сярэднім станавіліся на 1,7 см вышэйшымі і на 2,7 кг цяжэйшымі, а мужчыны — на 4 см вышэйшымі і на 6,5 кг цяжэйшымі. Гэта сьведчыць пра тое, што з паляпшэньнем умоваў жыцьця рост і вага павялічваюцца, але ў мужчын гэта адбываецца больш як удвая хутчэй, чым у жанчын.
Каб праверыць, ці назіраюцца падобныя тэндэнцыі ўнутры краінаў, дасьледчыкі прааналізавалі гістарычныя запісы росту ў Вялікай Брытаніі, дзе HDI вырас з 0,8 у 1900 годзе да 0,94 у 2022 годзе. У першай палове стагодзьдзя сярэдні рост жанчын павялічыўся на 1,9% — з 159 см да 162 см, а сярэдні рост мужчын вырас на 4% — з 170 см да 177 см.
«Каб параўнаць: прыкладна адна з чатырох жанчын, народжаных у 1905 годзе, была вышэйшая за сярэдняга мужчыну таго ж году нараджэньня, але гэтая доля зьнізілася да адной з васьмі для жанчын, народжаных у 1958 годзе», — цытуе Гэлсі The Guardian.
Брытанскае выданьне спасылаецца таксама на артыкул у часопісе Biology Letters пад назвай «Сэксуальна прывабнае і грознае мужчынскае цела: рост і вага мужчын як умоўна залежныя, сэксуальна адабраныя прыкметы», у якім навукоўцы выказалі здагадку, што сэксуальныя перавагі жанчын маглі падштурхнуць тэндэнцыю да павелічэньня росту і большай мускулатуры ў мужчын — хоць у эпоху атлусьценьня вялікая вага не заўсёды азначае мускулістасьць.
Рост і фігура — галоўныя паказчыкі здароўя і жыцьцяздольнасьці, сказаў Гэлсі, у той час як полавы адбор таксама аддае перавагу мужчынам, якія лепш могуць абараняць і забясьпечваць сваіх партнэрак і нашчадкаў, піша The Guardian.
«Жанчыны могуць лічыць мужчынскі рост прывабным, таму што, магчыма, ён робіць іх больш грознымі, але таксама таму, што вялікі рост сьведчыць пра добрае фізычнае разьвіцьцё», — адзначыў Гэлсі. — «Гэта сьведчыць пра тое, што яны менш зазналі нэгатыўныя ўзьдзеяньні навакольнага асяродзьдзя, таму дасягнулі свайго роставага патэнцыялу. Гэта паказчык таго, што яны добра фізычна разьвітыя».
Выданьне адзначае, што гэтыя высновы грунтуюцца на ранейшых дасьледаваньнях, якія выявілі, што жанчыны аддаюць перавагу вышэйшым мужчынам значна часьцей, чым мужчыны — ніжэйшым жанчынам. Але ёсьць і недахопы вялікага росту. Хоць вышэйшыя людзі звычайна зарабляюць больш, яны таксама больш схільныя да розных відаў раку, магчыма, таму, што ў іх больш клетак, якія могуць назапашваць мутацыі, што прыводзяць да захворваньня, піша The Guardian.
Форум