Мне няпроста камэнтаваць гэта сур’ёзна, бо РПЦ надта зацята падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны і забойствы мірнага насельніцтва. Цяжка ў прынцыпе ўявіць, як у гэтых людзей павернецца язык нешта гаварыць пра мараль і тым больш — як яны зрабіліся нейкім ейным мярылам. Але язык працягвае паварочвацца, а так званы сындром самазванкі — дакладна ня ў сьпісе іх слабасьцяў.
Дык што ж так непакоіць гэтых высокамаральных людзей гэтым разам? Як у СССР сэксу не было, калі ў 1959 годзе Мінкульт забараніў «Эманюэль у Амэрыцы», так і цяпер яго няма. У беларусаў і беларусак ёсьць больш істотныя справы, дый дазволіць нам самастойна абіраць, што глядзець, — гэта занадта. Ня будзе ж Расейская праваслаўная царква апэляваць да свабоды волі!
Дарэчы, клапоціцца пра грамадзкую мараль РПЦ не самастойна — ёй у гэтым дапамагае праўладны саюз пісьменьнікаў. Старшыня саюзу — Аляксандар Карлюкевіч — у суаўтарстве з Натальляй Эйсмант і іншымі напісаў кнігу «Наш прэзыдэнт», якая нахвальвае Лукашэнку. Так, чалавек, які захапляецца тыраніяй, вучыць кагосьці маралі. І ня проста вучыць асобных людзей, а выступае маральным мярылам цэлай краіны.
Ну, дапусьцім.
Але мне вельмі цікава, што спадар Карлюкевіч і ягоныя царкоўныя паплечнікі думаюць пра пятлю, што вісела ў этэрах Рыгора Азаронка. Ці ня шкодзіць нашай маральнасьці тое, што па дзяржаўных тэлеканалах гучаць пагрозы і нецэнзурныя абразы на адрас тых, хто проста хоча зьмены ўлады? Як ім карыкатуры з абразамі ад Мукавозчыка? А шматлікія відэа ад сілавікоў, дзе пабітыя і запалоханыя людзі агаворваюць сябе на камэру? А запужваньні і іншы ціск на родных журналістак і журналістаў?
Асобна мне цікава вось што: калі ГУБАЗіК дэманструе ў кадры сэкс-цацкі затрыманага чалавека — гэта больш маральна за мастацкі фільм «Эманюэль» ці менш?
Адказаў ад іх, вядома, ня будзе. Бо справа не ў маральнасьці, а ў разьмеркаваньні ўлады. Калі няма магчымасьці дабіцца вялікай асабістай палітычнай улады, такія людзі, як Карлюкевіч, вымушаны задавальняцца меншым. Але там яны ўжо разыходзяцца напоўніцу! Ёсьць магчымасьць кантраляваць рэпэртуар кінатэатраў? Яны ніколі не прапусьцяць магчымасьць нешта забараніць. Проста таму што могуць. Проста таму, што ня здольныя стварыць нічога канструктыўнага, а самасьцьвярджацца па-ранейшаму трэба, любою цаною.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум