Глод: У Менску цяпер жывуць каля двух мільёнаў чалавек, а ва ўсёй Беларусі дзесьці каля 9,5 мільёна. Пра што гэта сьведчыць?
Сасноў: А гэтыя лічбы ні пра што не гавораць. Усё залежыць ад таго, як той ці іншы горад разьвіваўся шмат стагодзьдзяў. Ёг можа быць вялікім у маленькай краіне, і маленькім –у вялікай. Тут няма нейкіх палітычных ці іншых момантаў, якія можна было б вызначаць і абагульняць, і з гэтага вырашаць, якім павінны быць сталічны горад.
Галоўнае ў сучасных умовах залежыць ад таго, наколькі танна ці дорага жыць у тым ці іншым горадзе. І менавіта гэтыя паказчыкі, найперш рэгулююць колькасьць насельніцтва. Тыя, у каго ёсьць вельмі значныя прыбыткі, хто могуць набыць добрую кватэру па тых коштах, якія ўзьнікаюць адпаведна попыту, яны і набываюць. А тому, у каго няма грошай, што тут яму рабіць?! Ён тут і зарабіць ня зможа. І жытло набыць. Таму ён і грукаецца ў дзьверы адміністрацыі і патрабуе: “Дай жыльлё!”. Але ж гэта -- нонсэнс.
Галоўнае ў сучасных умовах залежыць ад таго, наколькі танна ці дорага жыць у тым ці іншым горадзе.
І тады ўзьнікае чыноўнік, які пачынае рэгуляваць. І рэгулюе ён так: “сьвядомых” не пусьцім, а “несьвядомых” пусьцім; “чэсных” пусьцім, а “нячэсных” не пусьцім”.
Глод: Значыць, новых жыхароў сталіцы вызначаюць і грошы, і чыноўнікі? Падобна, што працуюць і эканамічны фактар, і суб’ектыўны. Сёньня, дарэчы, выканаўца абавязкаў старшыні сталічнага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька казаў Лукашэнку, што за апошнія два гады з рэгіёнаў у Менск перасяляюцца па 11 тысяч чалавек супраць ранейшых 18-19 тысяч.
Сасноў: Калі ёсьць таннае жытло, якое будуе дзяржава, дарэчы, коштам падаткаплатнікаў, і потым яна вырашае, каму яго даць, а каму – не, то гэта дрэнна. Вельмі дрэнна. Не павінны тут чыноўнік нічога рабіць. А калі ён так робіць, то ў сталіцу і прыедуць зусім не тыя людзі. А тыя, каго хоча чыноўнік.
Мне цяжка сказаць, чаму ў сталіцу сталі пераяжджаць менш. Ці то тут спрацаваў эканамічны фактар – жытло стала вельмі дарагім, льготнікам таксама стала цяжэй. Альбо, можа, і чыноўнікі так нарэгулявалі”.
Глод: А калі закцэнтаваць увагу, як кажуць тыя ж чыноўнікі, “на саму пастаноўку пытаньня”. Лукашэнка сёньня, як перадаюць мэдыі, “выказаў незадаволенасьць тым, што ў Менск едуць людзі з рэгіёнаў”. Што вы пра гэта думаеце?
Сасноў: Хай спачатку скажа, адкуль ён сам прыехаў. І ня толькі ён адзін, а і ўсе астатнія ягоныя паплечнікі.