Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўрымас Таўрантас: Памяць пра Каліноўскага нам вельмі дарагая


Напярэдадні Дня Незалежнасьці Літвы Радыё Свабода наведаў амбасадар Літвы ў Чэхіі Аўрымас Таўрантас. Ён — адзін з заснавальнікаў «Саюдзісу», у якасьці дэпутата Вярхоўнага Савету быў падпісантам Акту аб Незалежнасьці, быў членам Канстытуцыйнай камісіі парлямэнту і двойчы абіраўся сьпікерам Сэйму Літвы.

Спадар амбасадар, першым пытаньнем будзе тэма, якая хвалюе шмат якіх нашых слухачоў і наведнікаў вэб-сайту. Ці будзе спрошчаны візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі?

Літва зрабіла шмат крокаў у Эўразьвязе і Шэнгенскай зоне, каб спрасьціць паездкі беларускіх грамадзянаў у суседнія краіны. Мы падпісалі два гады таму пагадненьне аб падарожжах у 50-кілямэтровай памежнай зоне. І я спадзяюся, што ў бліжэйшай будучыні нашыя грамадзяне, якія жывуць блізка ад мяжы, здолеюць скарыстоўвацца аблегчаным рэжымам перасячэньня мяжы.

Таксама мы зрабілі іншыя крокі ў эўрапейскім кантэксьце. Консульскі збор, які быў 60 эўра, мы скасавалі ў адносінах да нацыянальных візаў — дзеля таго, каб беларускім грамадзянам было прасьцей наведваць Літву. Год таму Эўразьвяз прапанаваў Беларусі пачаць дыялёг пра аблягчэньне візавага рэжыму. Наколькі я разумею, Брусэль чакае адказу зь Менску, каб пачаць гэты дыялёг. Гэта павінен быць двухбаковы рух. Канешне, з боку Менску патрэбныя разуменьне і палітычная воля, каб спрасьціць паездкі беларускіх грамадзян.

Праблемы энэргетычнай незалежнасьці Літвы і Беларусі ў кантэксьце будаўніцтва АЭС ў Беларусі выклікаюць вялікія дыскусіі. З аднаго боку, літоўцы занепакоеныя тым, што гэта будзе блізка ад мяжы з Літвой, з другога боку беларускі бок кажа, што новая АЭС у Літве будуецца на тэктанічным разломе. А як Вы бачыце вырашэньне гэтых спрэчак?

Я б сказаў, што такі паралелізм, які Вы прапанавалі — ён недарэчны. Маючы на ўвазе Чарнобыль, мы ўсе імкнемся да таго, каб мірная ядзерная энэргетыка была максымальна бясьпечнай і надзейнай. Так што пры плянаваньні, праектаваньні павінны быць улічаныя ўсе фактары бясьпекі. Літва зьяўляецца ўдзельнікам ЭКСПА-канвэнцыі, якая вельмі дакладна вызначае, якія крокі павінны быць зроблены. Таму кожны з гэтых праектаў трэба разглядаць на падставе дадзеных, якія мы маем.

Мы зьвярталіся да нашых суседзяў у Беларусі з прапановай прайсьці адпаведныя працэдуры. Чаму ў гэтым, а ня ў іншым месцы вырашылі будаваць АЭС? Было шмат пытаньняў, адказы на якія мы хацелі атрымаць у межах канвэнцыі. На жаль, адказу мы не атрымалі. З нашага боку ўвесь гэты працэс у адпаведнасьці з канвэнцыяй, якую я прыгадаў, быў зроблены ўжо ў 2009 годзе.

Спадар амбасадар, як, па Вашаму, паўплывала на беларуска-літоўскія адносіны справа з выдачай банкаўскіх рахункаў членаў апазыцыі, а потым зьняволеньне Алеся Бяляцкага?

Канешне, мы шкадуем наконт таго, што адбылося. Гэта была наша памылка, мы гэта прызналі. Але мы ясна кажам — тое, што інкрымінуецца спадару Бяляцкаму, не павінна мець месца, і мы ясна выказалі свае адносіны, выказалі пратэст наконт арышту і прысуду. У якой заўгодна дэмакратычнай дзяржаве гэта не было б крымінальнай справай. Канешне, мы зрабілі высновы адносна паляпшэньня нашай працы і стасункаў зь беларускімі ўладамі. Мы спадзяемся, што нейкага доўгатэрміновага нэгатыўнага ўплыву гэта мець ня будзе.

Вы былі адным з заснавальнікаў «Саюдзісу», Вы падпісвалі акт аб Незалежнасьці Літвы, Вы былі сьпікерам парлямэнту. Як з гэтых пазыцый, як адзін з кіраўнікоў Літвы, Вы глядзіце на дату 150 гадоў пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя для многіх народаў, у тым ліку беларускага? Шмат каго непакоіць, што на месцы ягонага пахаваньня няма больш помніка, ягоная памяць адзначана не належным чынам? Ці магчымыя тут сумесныя дзеяньні беларускага і літоўскага грамадзтва?

Наколькі я ведаю, мы маем іншыя дадзеныя. Але найперш я хачу сказаць, што памяць пра Каліноўскага нам вельмі дарагая. І яго памяць у Вільні прысутнічае шмат дзе. Ёсьць вуліца, названая ў ягоны гонар. Ёсьць мэмарыяльная шыльда на месцы экзэкуцыі, ёсьць шыльда, дзе ён быў у зьняволеньні. І ў будучым годзе, калі будзе 150 гадавіна паўстаньня, канешне, знакаў памяці будзе у Вільні болей.

Наконт месца, якое Вы прыгадалі, наколькі я ведаю, на гары Гедымінаса стаяў крыж да Другой усясьветнай вайны. Пасьля гэтага там нічога не было. У гісторыкаў ёсьць сумненьні, там ён пахаваны ці не. Бо пахаваньня не было, царская ўлада не дазваляла пахаваць яго належна. Так што няма дакладных дадзеных, што там магіла яго і іншых удзельнікаў паўстаньня. Іншыя кажуць, што раней было пахаваньне там, а потым перанесьлі ў іншае месца. Так што тут спрэчка паміж гісторыкамі.

Але, як я казаў, памяць Каліноўскага ў Вільні адзначана. І, думаю, у наступным годзе мы ўбачым яшчэ болей знакаў павагі да Каліноўскага ў Літве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG