Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Анатоля Грыцкевіча


Анатоль Грыцкевіч
Анатоль Грыцкевіч

Падзеі 31 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

31 студзеня 1929 году нарадзіўся Анатоль Грыцкевіч — гісторык, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Здаецца, усё жыцьцё быў знаёмы зь ім, — прынамсі, з таго часу, як адчуў сябе беларусам, — спачатку па кнігах, потым і асабіста.

Мы жылі па суседзтве, і мне часта даводзілася бываць у Анатоля Пятровіча дома, у ягоным кабінэце — царстве кніг, манускрыптаў і гістарычных артэфактаў, якія штораз дарылі госьцю няхай маленькае, але адкрыцьцё: старадаўні дакумэнт, рарытэтнае выданьне, радавод Грыцкевічаў, прасочаны на глыбіню пяці стагодзьдзяў. Мы гутарылі, і да нас прыхільна прыслухоўвалася сама муза Кліё.

Ён стаў першым чытачом і рэцэнзэнтам вельмі важных для мяне кніг ілюстраванай гісторыі — «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае», якім аддадзены не адзін год жыцьця. Памятаю, як шчыра цешыўся мэтар, калі ўзяў у рукі «Вялікае Княства Літоўскае» й ангельскі пераклад «Краіны Беларусі».

Стаўшы доктарам навук у 1986-м, калі павеяла пераменамі, Грыцкевіч годна рэпрэзэнтаваў беларускую гістарычную навуку ў Эўропе і сьвеце. Ён увёў у гістарыяграфію азначэньне Рэчы Паспалітай як фэдэрацыі дзьвюх раўнапраўных дзяржаваў — Вялікага Княства Літоўскага й Польшчы. Ён ня раз выступаў нашым «амбасадарам» на міжнародных канфэрэнцыях у Лёндане, Рыме, Парыжы, Будапэшце, Санкт-Пецярбурзе.

Шэсьць ягоных манаграфій і больш за тысячу публікацыяў — сапраўдны скарб.

У 2012 годзе ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том яго выбраных твораў, а апошнім выданьнем, над якім мы працавалі разам, стала прысьвечаная 500-годзьдзю перамогі над маскоўскімі захопнікамі кніжка «Сьцягі Воршы», што адкрыла сэрыю «Славутыя бітвы». Ён быў аўтарам, а я — рэдактарам і аўтарам прадмовы, у якой ня мог не згадаць, што далёкі продак спадара Анатоля баярын Юхно Грыцкевіч, як сьведчыць Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага, «прыйшоў з Аршанскай баталіі пераможцам».

Анатоль Пятровіч таксама быў шляхетным ваяром — і ў навуцы, і ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны: шмат гадоў уваходзіў у Сойм БНФ, узначальваў Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», займаў ганаровую пасаду Вялікага маршалка Згуртаваньня беларускай шляхты... Да канца сваіх дзён спадар Анатоль заставаўся сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

У пранікнёным слове папскага нунцыя ў Беларусі Кляўдыё Гуджэроці, якім той адгукнуўся на сыход Анатоля Грыцкевіча, праца выбітнага гісторыка была названая сакральным служэньнем ісьціне, што «дапамагло беларусам адкрыць частку сваёй душы».

Яму вельмі пашанцавала з братам Валянцінам, аднадумцам і паплечнікам у змаганьні за гістарычную праўду.

Паводле першай вышэйшай адукацыі браты Грыцкевічы былі дактарамі, скончылі мэдінстытут і нейкі час працавалі па спэцыяльнасьці. Але, як некалі доктар лекарскіх навук Францішак Скарына, вырашылі даць люду паспалітаму «броні духоўныя» й прысьвяцілі жыцьцё лекаваньню беларусаў ад бяспамяцтва.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 668-669

Таксама ў гэты дзень

1865 — Дзьмітры Мендзялееў абараніў доктарскую дысэртацыю «Аб спалучэньні сьпірту з вадой». Гадавіну гэтага здарэньня расейцы шануюць як неафіцыйны «Дзень нараджэньня расейскай гарэлкі».

1918 — утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят на чале з Аляксандрам Чарвяковым. Белнацкам — у процівагу ўраду БНР — вёў агітацыйную, культурна-асьветніцкую, выдавецкую працу, прапагандуючы ідэю стварэньня беларускай савецкай дзяржавы. Ажыцьцяўляў масавую агітацыю і прапаганду ідэй савецкай улады.

Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў

1943 — нацысты зьнішчылі гета ў Пружанах.

1957 — у Менску заснаваны Дзяржаўны музэй Беларусі (зараз Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі).

Нацыянальны музэй гісторыі і культуры
Нацыянальны музэй гісторыі і культуры

2020 — Вялікая Брытанія выйшла са складу Эўрапейскага зьвязу.

Сьцяг Вялікай Брытаніі прыбіраюць з флягштоку перад будынкам Эўрапарлямэнту ў Брусэлі, 31 студзеня 2020
Сьцяг Вялікай Брытаніі прыбіраюць з флягштоку перад будынкам Эўрапарлямэнту ў Брусэлі, 31 студзеня 2020

У гэты дзень нарадзіліся

1892 — Алесь Гурло, беларускі паэт.

1924 — Тэнгіз Абуладзэ, грузінскі кінарэжысэр.

1929 — Анатоль Грыцкевіч, беларускі гісторык.

1935 — Кэндзабура Оэ, японскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1946 — Мікола Купава, беларускі мастак-графік, дзяяч нацыянальнага адраджэньня.

1975 — Альгерд Бахарэвіч, беларускі пісьменьнік.

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

У памяці

1930 — Бэнэдыкт Дыбоўскі, заоляг, прыродазнаўца, лекар, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1940 —Зьміцер Прышчэпаў, дзяржаўны дзеяч, наркам земляробства ў БССР у 1920-х гадох, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

2005 — Кастусь Рамановіч, удзельнік падпольнага Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку, вязень савецкіх канцлягераў.

2013 — Мікалай Амельяновіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, першы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG