Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар Блінкен у Тэль-Авіве абяцаў падтрымку ЗША Ізраілю, які вядзе вайну з ХАМАСам


Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу (справа) і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасьля сустрэчы ў Тэль-Авіве, 12 кастрычніка 2023
Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу (справа) і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасьля сустрэчы ў Тэль-Авіве, 12 кастрычніка 2023

12 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыляцеў у Тэль-Авіў, правёў перамовы з кіраўніцтвам краіны.

Як піша Reuters, гэта адбылося ў рамках шырокага блізкаўсходняга турнэ, каб прадэманстраваць салідарнасьць Вашынгтону з Ізраілем пасьля нападу баевікоў ХАМАС і паспрабаваць спыніць канфлікт.

Кіраўнік дыпляматыі ЗША таксама паспрабуе дапамагчы забясьпечыць вызваленьне закладнікаў, выкрадзеных ХАМАСам (некаторыя зь іх — амэрыканцы), і спрыяць бясьпечнаму выхаду мірных жыхароў Газы з густанаселенага анклява перад магчымым наземным уварваньнем Ізраілю.

У аэрапорце яго сустрэў міністар замежных спраў Ізраілю Элі Коэн.

У камэнтары перад адʼездам у Ізраіль Блінкен падкрэсьліў падтрымку Ізраілю з боку Вашынгтону, піша AFP:

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль. Мы падтрымліваем іх сёньня, заўтра — мы будзем падтрымліваць кожны дзень, — сказаў Блінкен журналістам. — Мы поўныя рашучасьці запэўніць, што Ізраіль атрымае ўсё неабходнае для абароны».

Па выніках візыту на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Злучаныя Штаты будуць «заўсёды» падтрымліваць Ізраіль. У той жа час ён падкрэсьліў, што ХАМАС не прадстаўляе палестынскі народ.

«Кожны, хто хоча міру і справядлівасьці, павінен асудзіць панаваньне тэрору ХАМАС», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Як паведаміла агенцтва AFP, ён дадаў, што знаходзіцца ў Ізраілі ня толькі як дзяржсакратар ЗША, а і «як габрэй», і «як муж і бацька малых дзяцей».

«Мне немагчыма глядзець на фатаграфіі забітых сем’яў, такіх як маці, бацька і трое малых дзяцей, якіх забілі, калі яны схаваліся ў сваім доме ў кібуцы Нір-Оз, і ня думаць пра сваіх дзяцей», — сказаў ён.

«Мы ведаем, што ХАМАС не прадстаўляе палестынскі народ і ягонае законнае імкненьне жыць у роўнай бясьпецы, свабодзе, справядлівасьці і годнасьці», — заявіў Энтані Блінкен.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу падзякаваў ЗША за падтрымку і сказаў, што з ХАМАСам, які кіруе блякаваным сэктарам Газа, трэба абыходзіцца як з групоўкай «Ісламская дзяржава».

«Як разграмілі ІДІЛ, так будзе разгромлены і ХАМАС. І з ХАМАС трэба абыходзіцца сапраўды так, як абыходзіліся з ІДІЛ», — сказаў Нэтаньягу.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хезбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG