Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю на Блізкім Усходзе, але зноў не згадаў пра напад ХАМАС на Ізраіль


Аляксандар Лукашэнка з чыноўнікамі ў Менскім раёне. 27 кастрычніка 2023
Аляксандар Лукашэнка з чыноўнікамі ў Менскім раёне. 27 кастрычніка 2023

«Выйсьце адно — трэба ствараць Палестынскую дзяржаву. Так, як было ў 1947 годзе ўхвалена рашэньне», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка назваў «бядой» сытуацыю на Блізкім Усходзе і абвінаваціў ЗША ў яе эскаляцыі.

«Гэта бяда. Блізкі Ўсход — гэта вось як тут у нас заўсёды быў тэатар ваенных дзеяньняў, то і Блізкі Ўсход, калі выбухне, то там будзе горача ўсім. Ён будзе падаграваць і нас, і туды далей на поўнач усе краіны. Як тут будзе разьвівацца сытуацыя, аднаму Богу вядома», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА Аляксандра Лукашэнку.

Як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, ён не згадаў аб атацы ХАМАС на Ізраіль, але падкрэсьліў, што стварэньне Палестынскай дзяржавы дапаможа разьвязаць канфлікт на Блізкім Усходзе.

«Выйсьце адно — трэба ствараць Палестынскую дзяржаву. Так, як было ў 1947 годзе ўхвалена рашэньне. Навошта тут нападаць на гэтага беднага Гутэрыша — „ня тое ляпнуў“? Ён правільна сказаў. У жахлівых умовах жывуць людзі. Ім трэба стварыць дзяржаву. Сказаць: не аўтаномія палестынская, вось ваша дзяржава, а вось габрэйская дзяржава. Сесьці і дамовіцца раз і назаўжды», — заявіў Лукашэнка.

Аналягічна сытуацыю камэнтаваў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Ён таксама ацэньваў сытуацыю як «блізкаўсходні крызіс» і настойваў на неабходнасьці стварэньня Палестынскай дзяржавы, згодна з рашэньнем ААН.

Упершыню Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «блізкаўсходні крызіс» празь дзесяць дзён пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль — 17 кастрычніка на сустрэчы зь першым віцэ-прэзыдэнтам Ірану Магамадам Махбэрам, калі заклікаў яго да больш актыўнай супрацы ва ўмовах міжнародных санкцый.

«Блізкаўсходні крызіс садзейнічае таму, што нядружалюбныя нам краіны — ЗША і Захад — пастаянна накіроўваюць вастрыё гэтага канфлікту супраць Ірану. Вы гэта адчуваеце лепш. Наш адказ адзін: мы павінны больш шчыльна працаваць адзін з адным, каб супрацьстаяць гэтым выпадам», — цытаваў тады Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул Первого».

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG