Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На араба-ісламскім саміце абвінавацілі Ізраіль у ваенных злачынствах


Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас на араба-ісламскім саміце 11 лістапада 2023 году
Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас на араба-ісламскім саміце 11 лістапада 2023 году

Пры гэтым ня ўсе з выступоўцаў гатовыя разарваць дыпляматычныя адносіны з Ізраілем.

Удзельнікі саміту лідэраў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і Лігі арабскіх дзяржаў, які прайшоў у Саудаўскай Арабіі ў суботу, 11 лістапада, асудзілі «агрэсію Ізраілю ў сэктары Газа, ваенныя злачынствы і барбарскія і бесчалавечныя масавыя забойствы», паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на выніковую заяву лідэраў.

Саміт зладзіў спадчынны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамэд бэн Салман Аль-Сауд, гасьцямі сталі дзясяткі лідэраў арабскіх і мусульманскіх краін, у тым ліку прэзыдэнт Ірану Ібрагім Раісі, прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас, эмір Катару шэйх Тамім бэн Хамад Аль-Тані і прэзыдэнт Сырыі Башар Асад.

Саудаўскі прынц асудзіў «барбарскую вайну супраць братоў» і заявіў, што «мы сутыкаемся з гуманітарнай катастрофай, якая даказвае няздольнасьць Рады Бясьпекі ААН і міжнароднай супольнасьці пакласьці канец абуральным парушэньням Ізраілем міжнароднага права».

Эбрагім Раісі прыехаў у Саудаўскую Арабію на саміт упершыню больш чым за 10 гадоў. Паміж Тэгеранам і Эр-Рыядам шмат напружанасьці ў дыпляматычных адносінах. Раісі падтрымаў дзеяньні палестынскай радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС, прызнанай Ізраілем, ЗША і Эўразвязам тэрарыстычнай арганізацыяй, а таксама заклікаў ісламскія краіны ўвесьці санкцыі супраць Ізраілю і прызнаць тэрарыстычнай Армію абароны Ізраілю (ЦАХАЛ).

Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў на саміце, што «ізраільскі ўрад паводзіць сябе як расьпешчанае дзіця Захаду» і што ён «павінен кампэнсаваць разбурэньні, якія ён прычыніў» у сэктары Газа.

Махмуд Абас зазначыў, што палестынцы сутыкнуліся зь «беспрэцэдэнтнай генацыднай вайной».

Эмір Катару, дзе жывуць некалькі лідараў ХАМАС, заявіў, што гатовы выступіць пасярэднікам у вызваленьні ізраільскіх закладнікаў і спадзяецца, што можна дасягнуць «гуманітарнага замірэньня».

Аднак, як паведамляюць крыніцы Reuters, шэраг арабскіх краін выступіў супраць прапановы некаторых калегаў на чале з Альжырам цалкам скасаваць дыпляматычныя адносіны з Ізраілем.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG