Чатыры гады рэпрэсій і палітычнага крызісу ў Беларусі, а таксама расейская агрэсія ва Ўкраіне выклікалі вялікую хвалю эміграцыі сярод беларусаў. Пераважная большасьць уцекачоў выбірае для жыцьця краіны Эўропы. Але ёсьць і тыя, хто перабіраецца за акіян. Па дадзеных міграцыйных уладаў ЗША, сярэдняя лічба эмігрантаў зь Беларусі складае каля 2 тысяч чалавек на год. У статыстыцы не ўлічваюцца тыя, хто трапіў у ЗША нелегальна, праз Мэксыку.
У 1999 годзе ў Злучаныя Штаты зь Беларусі прыехалі 1320 чалавек, затым штогод да 2020-га прыяжджалі ў сярэднім каля 2 тысяч. У 2020-м і 2021-м зь Беларусі ў ЗША імігравалі 1,7 і 1,4 тысячы чалавек, у 2022-м — каля 2,2 тысячы. Навейшай статыстыкі пакуль няма.
Адзін з тых, хто чакае зараз рашэньня па заяве на прытулак у ЗША — праваслаўны сьвятар Васіль (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС). Да 2022 году ён служыў у беларускім вясковым храме. Ён расказвае, што пасьля 24 лютага 2022 году ўступіў у канфлікт з царкоўным кіраўніцтвам з прычыны сваёй антываеннай пазыцыі, праз што пазбавіўся магчымасьці далей жыць і працаваць у Беларусі. Цяпер спрабуе ўладкавацца ў ЗША.
12 гадзін за стырном
Айцец Васіль кажа, што адразу паехаў у ЗША, бо знаёмыя праваслаўныя сьвятары абяцалі яму ўсялякую падтрымку. Але на справе ўсё аказалася ня так, прызнаецца суразмоўца. Яму давялося «выплываць» самому. Працаваў на будоўлі. Але ў ЗША іншыя тэхналёгіі будаўніцтва будынкаў, таму давялося мяняць сферу. Суразмоўца кажа, што ўжо мае свае першыя няпростыя ўражаньні ад новай краіны. У выніку айцец Васіль паспрабаваў сябе ў таксі. Прызнаецца, што гэта нялёгкая праца.
«Таму што Нью-Ёрк — спэцыфічны горад, ён самы вялікі на Зямлі тэрыторыяй. Складаная дарожная сыстэма, вельмі шмат мастоў і тунэляў, за праезд па якіх трэба плаціць грошы», — тлумачыць беларус.
У Нью-Ёрку на таксі ён мае абавязак адкрыць ліцэнзію, здаваць аналізы на наркотыкі. Калі парушыць правілы дарожнага руху, то забяруць як ліцэнзію на таксі, так і правы кіроўцы.
«Зарабіць можна па-рознаму. Гледзячы колькі гадзін ты гатовы працаваць. У мяне атрымлівалася і больш за 600 даляраў зарабіць за дзень. А было, што і 300 даляраў за дзень цяжка. 10-12 гадзін за стырном ня кожны вытрымае», — кажа айцец Васіль.
Суразмоўца кажа, што плаціць штомесяц за страхоўку на таксі 700 даляраў, таксама мае выдаткі на паліва. Калі ён працаваў на аўтамабілі на бэнзіне, то запраўка была хуткай і зручнай. Цяпер перасеў на электрамабіль. Даводзіцца стаяць у чарзе і яшчэ як мінімум 40 хвілін на зарадцы. Таньней зараджаць машыну дома, але гэта вымагае часу — 6-8 гадзін.
Рэлігіі і народы ўсяго сьвету
Спачатку айцец Васіль «таксаваў» на арэндным аўтамабілі. Потым, як сам кажа, зусім выпадкова купіў электрамабіль у крэдыт.
«Праглядаў у інтэрнэце навінку, новую Tesla. І мне патэлефанавалі і прапанавалі паглядзець яе на свае вочы. Я зь цікавасьці пагадзіўся — і так купіў сабе электрамабіль, проста як сьнег на галаву. Ён, як па мне, экалягічны, камфортны, менш псуецца. Мне падабаецца», — зазначыў сьвятар.
У профілі Uber суразмоўцы пазначана, што кіроўца — праваслаўны сьвятар. Васіль кажа, што часам гэта людзей не цікавіць. Але іншыя ахвотна заводзяць гутаркі.
«Гаварыць на багаслоўскія тэмы, з тэалягічнымі тэрмінамі я пакуль не магу — не дазваляе ўзровень ангельскай мовы. Але пра вайну ва Ўкраіне пагаварыць магу, і людзей гэта цікавіць», — сьцьвярджае айцец Васіль.
Ён успамінае пасажырку, мусульманку зь Емэна, якая сама пачала размову і не магла зразумець, адкуль у Расеі такая нелюбоў да ўкраінцаў, чым абгрунтаваная агрэсія. Сьвятар зазначае, што ў ЗША людзі маюць выбар і чытаюць і глядзяць такія СМІ, якія хочуць.
«І так пападаюцца на вуду расейскай прапаганды. Многія расейскамоўныя, якіх я вазіў, падтрымліваюць Пуціна, наслухаўшыся прапаганды. Але і жыхары ЗША таксама трапляюцца. Адзін, што я яму не казаў, на канец паездкі вымавіў „Stay with Putin“ (заставайцеся з Пуціным. — РС). Часам і афраамэрыканцы выказваюцца ў падтрымку Расеі. Хаця ўсё ж пераважная большасьць жыхароў ЗША — за Ўкраіну», — дзеліцца назіраньнямі сьвятар.
У ягонай практыцы былі і непрыемнасьці з пасажырамі. Кажа, што чалавек быў, хутчэй за ўсё, хворы. У таксі яго пасадзілі знаёмыя.
«І ён пачаў чапляцца да мяне, хапаць за адзеньне, прычым так, што я ня мог кіраваць. Я сказаў, што выклічу зараз паліцыю. Ён супакоіўся, потым зноў пачаў настойліва хапаць мяне за адзеньне. Я яго высадзіў», — расказаў айцец Васіль.
Аднойчы пасажырам беларуса быў чэх. І сьвятар успомніў пры ім, што ягоны бацька служыў у колішняй Чэхаславакіі. Кажа, што гэта надзвычай узбудзіла пасажыра, ён пачаў сварыцца, што расейцы некалі акупавалі Чэхію, цяпер акупуюць Украіну.
«Ён ня мог спыніцца: такі гаваркі, я нават слова ня мог уставіць», — расказвае сьвятар.
Служба для эмігрантаў з былога СССР
У ЗША айцец Васіль перайшоў у Канстантынопальскую праваслаўную царкву Усясьветнага патрыярхату, служыць тут у царкве, якая падначальваецца архіяпіскапу Елпідафору. Кажа, што ў ягоным храме вернікамі зьяўляюцца эмігранты хвалі 90-х з былога СССР, грэкі, армяне, грузіны, сэрбы, расейцы і ўкраінцы.
«У 90-я сюды прыехалі людзі з саўковым багаслоўем і саўковымі ж духоўнымі балячкамі. І тут гэта ўсё яшчэ яскравей выявілася», — зазначае айцец Васіль.
У ЗША ён зрабіў такое асабістае адкрыцьцё: «Раней для Расейскай праваслаўнай царквы былі ворагамі католікі, цяпер жа — Усясьветны патрыярхат, для іх яны сталі ерэтыкамі».
Сьвятар дадаў, што архіяпіскап Елпідафор — адукаваны чалавек, настроены на дыялёг. Летась ён уручыў хрысьціянскую прэмію ад імя царквы Юліі Навальнай, удаве Аляксея Навальнага.
«Пры нагодзе я архіяпіскапу выказаў прызнаньне і нагадаў, што ў нас, беларусаў, ёсьць Сяргей Ціханоўскі, і папрасіў малітваў за нашу Беларусь», — зазначыў айцец Васіль.
Ён дадаў, што ў ЗША царква можа карыстацца які-небудзь ільготамі, але дзяржава публічна не падтрымлівае аніводнай канфэсіі. Бо так закладзена ў Першай папраўцы да Канстытуцыі з 1791 году: «Кангрэс ня можа выдаваць законаў, якія прызначаюць якую-небудзь рэлігію або забараняюць яе свабоднае веравызнаньне, ці якія абмяжоўваюць свабоду слова або друку, або права народу мірна зьбірацца».
Айцец Васіль тлумачыць розьніцу паміж сваім служэньнем у вясковай царкве Беларускай праваслаўнай царквы і тут, у царкве, якая належыць да Усясьветнага патрыярхату. У ЗША, па словах беларуса, з ахвяраваньняў на прыход жыве толькі настаяцель. Іншыя сьвятары працуюць у розных сфэрах.
«Тое, што ты працуеш і маеш нейкі прыбытак, робіць цябе больш свабодным. Бо калі я жыў толькі на ахвяраваньні ад вернікаў, то я быў у цяжкім становішчы, скажам так. Калі ты яшчэ маеш жонку і дзяцей на ўтрыманьні, то гэта нялёгка. Бо можаш казаць сабе што хочаш, але страўнік скажа іншае», — тлумачыць сьвятар.
Ён нагадаў, што апостал Павал сам працаваў і іншых заахвочваў. «Я лічу, што ня трэба забараняць сьвятарам займацца бізнэсам, калі гэта не ідзе на шкоду служэньню, і не парушае тваіх абяцаньняў, якія ты прынёс Богу», — выказаўся айцец Васіль.
Ён успомніў, як у Беларусі ў храм прыходзілі розныя начальнікі, адзін зь іх выказаўся: «Вы мусіце быць нам удзячнымі, што мы вам аддалі такі будынак для царквы».
«Хіба ён аддаў свой будынак асабісты? Гэта людзі ў 90-х папрасілі, каб аддалі будынак, які раней і належаў царкве. Мне гэтая сытуацыя не спадабалася», — зазначыў сьвятар.
Зь беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку ў сьвятара «ня надта склалася». Ён са сьмехам дадаў, што «мяне прызналі агентурай».
Наогул пра жыцьцё ў ЗША айцец Васіль кажа, што гэта ня іншая дзяржава, а наагул «іншы сьвет». Ён яшчэ раз дадаў, што свабода тут — гэта і магчымасьць разбагацець, і ўмомант стаць бяздомным. Таму трэба не спыняцца.
Форум