Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжываюць дзеці пад дзяржаўнай апекай?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка і іншыя чыноўнікі і чыноўніцы любяць расказваць, як іх хвалюе дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі і наколькі важна, каб жанчыны больш нараджалі. Сам Лукашэнка даўно ўжо казаў: «Нараджайце болей дзяцей. Ну вам жа проста: двое дзяцей — гэта вашыя, а трэці — гэта мой».

Але ня дай Божа нікому жыць так, як жывуць «дзяржаўныя» дзеці ў Беларусі! Іх становішча абурае нават пракуратуру. Так-так, цяперашнюю беларускую пракуратуру, якая бярэ ўдзел у рэпрэсіях і літаральна разрывае сем’і. Нават іх, гэтых бесчалавечных, здавалася б, вінцікаў сыстэмы ўражвае, як выжываюць дзеці, якіх гадуе дзяржава.

У 2023 годзе пад апекай дзяржавы (то бок у прытулках і дамах-інтэрнатах) жыло каля 7200 дзяцей. На кожнага павінна было выдзяляцца 320–330 рублёў у год на вопратку, абутак і так званы мяккі інвэнтар — шторы, пасьцельную бялізну, ручнікі. І вам не падалося: гэта траты ў год, ня ў месяц. Але шмат якія дзіцячыя дамы не атрымліваюць і гэтага! Спэцшкола-інтэрнат у Клічаўскім раёне ў 2022 годзе атрымала ў 16 разоў менш грошай на гэтыя патрэбы, чым павінна была.

Цудоўна, проста цудоўна клапоціцца дзяржава пра дзяцей! І нешта так званыя пралайфэры забываюць расказваць жанчынам, якіх адгаворваюць ад аборту, што дзяржаве, калі што, на дзіця будзе пляваць. І што калі жанчына народзіць, але адмовіцца ад нежаданага дзіцяці, яна будзе плаціць дзяржаве нешта накшталт алімэнтаў, але гэта не гарантуе, што пра яго будуць добра клапаціцца. Прытулкі ня здольныя нават самастойна аплаціць дзецям акуляры і лекі! Гаворка нават не пра новую вопратку і абутак, а пра мэдычную неабходнасьць!

А прапагандысты працягваюць расказваць, наколькі Беларусь сацыяльна арыентаваная дзяржава, як у ёй добра жыць і што ўсе вакол беларусам зайздросьцяць. А яшчэ яны штогод рэклямуюць акцыю, якая, калі называць рэчы сваімі імёнамі, заключаецца ў тым, каб пад Новы год ачысьціць сумленьне і закідаць дзіцячыя дамы цукеркамі.

Цікава, ці могуць потым гэтыя дзіцячыя дамы забясьпечыць дзяцей лекамі ад алергіі? Зрэшты, гэта ўжо наўрад ці хвалюе тых, хто возіць у такія ўстановы мяхі з падарункамі раз на год.

А яшчэ прапагандысты кажуць, што ў Беларусі асаблівая ўвага аддаецца падрастаючаму пакаленьню. І я зараз старанна падбіраю словы, але мне вельмі цікава, што за пакаленьне, як яны ўяўляюць, мае вырасьці зь дзяцей, што растуць ня проста без бацькоў, але яшчэ і ў такіх жорсткіх умовах? Здаецца, дзяржава сьвядома гадуе новую партыю сілавікоў — яны могуць атрымацца з тых, хто з раньняга дзяцінства прывучаны да строгай дысцыпліны, не задумваючыся выконвае загады, ня надта разумее канцэпт чалавечай годнасьці і ў прынцыпе ня верыць, што варты нечага лепшага.

А што такое шчасьце, гэтым дзецям можна і не тлумачыць. Зрэшты, такую абстракцыю ў статыстыку ўсё адно ня ўпішаш, а значыць, і карысьці ніякай ад яе няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG