Былы супрацоўнік службы бясьпекі Лукашэнкі Сяргей Чэпікаў стаў выканаўчым дырэктарам «Белгазпрамбанку». Пра гэта даведалася расьсьледніцкая ініцыятыва «Бюро».
Гэтую пасаду, як высьветлілася, Чэпікаў заняў яшчэ ў жніўні 2024 году.
Аб прызначэньні нідзе афіцыйна не паведамлялі. Няма гэтай інфармацыі і на афіцыйным сайце банку. Сваё прызначэньне Чэпікаў пацьвердзіў праз тэлефон журналісту «Бюро». На пытаньне, чаму менавіта ён атрымаў дырэктарскую пасаду, той адказаў: «Ну, напэўна, таму што варты».
Па словах Чэпікава, у службе бясьпекі ён не працаваў непасрэдна целаахоўнікам. Чым канкрэтна займаўся — невядома. У Службе бясьпекі Лукашэнкі Чэпікаў праслужыў як мінімум з 2005 па 2021 год.
Гэта ня першае прызначэньне былых супрацоўнікаў Службы бясьпекі Лукашэнкі на кіраўнічыя пасады ў банках. Раней журналісты выданьня «Люстэрка» расказалі пра галоўнага ахоўніка Лукашэнкі Аляксея Ляшкевіча. Яго неаднаразова бачылі ў атачэньні Лукашэнкі, у тым ліку ў час міжнародных паездак.
Форум