«Люстэрка» паглядзела, што зь нерухомасьці «Эўрапейскага аграрнага агенцтва» выставілі на аўкцыён.
Пра якую кампанію ідзе гаворка
Кампанія «Эўрапейскае аграрнае агенцтва» — афіцыйны дылер у Беларусі вядучых сусьветных вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, такіх як «Ростсельмаш», Siloking, RAUCH, Weidemann, Fliegl, Pegas-Agro. Яна таксама вырабляла кампанэнты для сельскагаспадарчых угнаеньняў.
45% акцыяў кампаніі афіцыйна валодае «Беларуськалій-Агра» (сельскагаспадарчы холдынг і «дачка» «Беларуськалію»). Гэтую долю спрабавалі прадаць праз аўкцыён у верасьні 2024 году, але, як відаць, безвынікова.
Мажарытарны (то бок асноўны) уладальнік «Эўрапейскага аграрнага агенцтва» (ЭЭА) — эстонская кампанія European Agricultural Agency, у яе руках 55% акцый. Як раней паведамлялі, яе ўладальнікі — Аляксандар Багачэнка (74%) і Сяргей Купрыяновіч (26%).
ЭАА сутыкнулася зь фінансавымі праблемамі і не змагло расплаціцца з інвэстарамі па аблігацыях. Пра гэта ў траўні і сьнежні 2024 году паведамляла Міністэрства фінансаў Беларусі.
У сьнежні 2024 году ў кампаніі заявілі, што ў яе арыштаваныя рахункі, а ўсе грошы, што на іх паступаюць, сьпісваюць за даўгі па падатках. «Падатковым органам прыпыненыя ўсе расходныя апэрацыі па рахунках платніка падаткаў», — паведамлялі ў фірме.
«Таварыства было не гатовае да такога зыходу падзей. У цяперашні момант усе сілы накіраваныя на спагнаньне дэбіторскай запазычанасьці, рэалізацыю актываў таварыства для атрыманьня абаротных сродкаў», — адзначалі ў ЭАА і анансавалі таргі па продажы маёмасьці.
У 2025 годзе стала вядома пра банкруцтва зьвязанай з «Эўрапейскім аграрным агенцтвам» кампаніі-забудоўшчыка.
Якую нерухомасьць спрабуюць прадаць
Самая вялікая і дарагая нерухомасьць кампаніі разьмешчана ў Менску па вуліцы Бабушкіна, 66. У лот уваходзяць 24 капітальныя будынкі. У іх ліку — некалькі складоў, побытавы блёк, апэратарская, зарадная, сеткі водаправоду, каналізацыі, цеплатраса і іншыя аб’екты. Пачатковы кошт маёмасьці — 14 500 тысяч рублёў.
Асобным лотам ідзе адміністрацыйна-побытавы корпус у Менску, ён таксама разьмешчаны на вуліцы Бабушкіна, 66. Яго плошча — 754 м². Таргі за яго пачнуцца з 1 690 000 рублёў.
Таксама ёсьць нерухомасьць на вуліцы Платонава, 1Б. Гэта адміністрацыйнае памяшканьне плошчай 600,3 м², а таксама дапаможнае памяшканьне, якое займае 67,8 м². Абодва гэтыя лоты ўжо выстаўлялі на аўкцыён на пачатку мінулага сьнежня, але таргі не адбыліся — не было ахвотных у іх удзельнічаць. Цяпер стартавы кошт зьнізілі. Так, аўкцыён за першы лот пачнецца з 1 767 355 рублёў, за другі — з 199 645 рублёў.
Па гэтым жа адрасе, у крытым паркінгу, прадаюць 13 машына-месцаў кампаніі. Аўкцыён за кожнае зь іх пачнецца з сумы 19 000 або 19 200 рублёў (гэта залежыць ад плошчы паркоўкі).
Аўкцыёны па ўсіх лотах прызначаныя на 20 лютага.
Форум