Арбітражны камітэт сусьветнай онлайн-энцыкляпэдыі «Вікіпэдыя» прыняў рашэньне замацаваць слова «Беларусь» у якасьці назвы краіны ў расейскамоўнай Вікіпэдыі замест ранейшага «Белоруссия».
На старонцы расейскамоўнай Вікіпэдыі, прысьвечанай Беларусі, назву ўжо зьмянілі. Праўда, на іншых старонках пра Беларусь яшчэ выкарыстоўваецца старая назва.
Рашэньне прынялі на падставе студзеньскіх рэкамэндацыяў спэцыяльнай працоўнай групы ў пытаньні перайменаваньня артыкула «Белоруссия», якая пачала працу на пачатку 2023 году. Па выніках аналізу група прыйшла да высновы, што варыянт «Белоруссия» пераважае толькі ў дзяржаўных расейскіх СМІ, а ўва ўсіх іншых — варыянт «Беларусь». У выніку група рэкамэндавала перайменаваць артыкул «Белоруссия» ў «Беларусь», аддаючы прыярытэт «пацьверджанай аўтарытэтнымі крыніцамі назьве, якая для большасьці расейскамоўных чытачоў зьяўляецца найбольш вядомай і, па магчымасьці, найменш неадназначнай“».
Пытаньне аб найменьні артыкула пра Беларусь у расейскамоўнай Вікіпэдыі ўздымалі неаднойчы. Адпаведныя працоўныя групы стваралі ў 2006, 2009 і 2011 гадах. Апошні раз у 2011 годзе была замацаваная назва «Белоруссия».
Адміністратарка расейскамоўнай Вікіпэдыі Вікторыя Дароніна раней тлумачыла Свабодзе складанасьць перайменаваньня артыкула «Белоруссия» на «Беларусь», якая цягнулася гады і была зьвязаная з прарасейскім настроем большасьці ўдзельнікаў: беларусы ў супольнасьці расейскамоўнай Вікіпэдыі неаднаразова ініцыявалі зьмену, але сутыкаліся з супрацьстаяньнем расейцаў, якія абапіраліся на традыцыйную савецкую норму. У выніку рашэньне перайменаваць прынялі ў 2024 годзе, з улікам частага выкарыстаньня назвы «Беларусь» у навуковых працах і зьменаў у грамадзкім уяўленьні з прычыны вайны ва Ўкраіне.
Форум