Пра сьмерць пісьменьніка Віктара Гардзея напісалі Наша Ніва і літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч.
Віктар Гардзей нарадзіўся 19 жніўня 1946 году ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёну. У маладосьці працаваў у ляхавіцкай ганцавіцкай раённых газэтах, у 1984 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.
У 1983 годзе пераехаў у Менск, дзе працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосьць», «Полымя», «Вожык». У часопісе «Маладосьць» быў намесьнікам галоўнага рэдактара.
Да 2010 году працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у 2010–2015 гадах — загадчык аддзелу прозы і паэзіі газэты «Літаратура і мастацтва».
Літаратурную працу пачаў у 1963 годзе. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі для дарослых і дзяцей, выдаў таксама кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1995), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996) і інш.
Пераклаў на беларускую мову раманы Гюстава Флябэра «Салямбо» і Робэрта Льюіса Стывэнсана «Чорная страла», аповесьць-казку Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана «Шчаўкунок і мышыны кароль», кнігу казак народаў Эўропы «Хрустальны калодзеж» і інш.
З 1979 года быў членам Саюза пісьменьнікаў Беларусі, ляўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і літаратурнай прэміі «Залаты купідон».
Форум