Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама: "Калі б мы спрабавалі скінуць Кадафі сілай, наша кааліцыя разьляцелася б"


Барак Абама падчас прамовы ў Нацыянальным абаронным унівэрсытэце ў Вашынгтоне 28 сакавіка
Барак Абама падчас прамовы ў Нацыянальным абаронным унівэрсытэце ў Вашынгтоне 28 сакавіка
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сказаў у звароце да народу 28 сакавіка, што мэтай амэрыканскай інтэрвэнцыі ў Лібіі не зьяўляецца зьвяржэньне Муамара Кадафі, а перш за ўсё абарона цывільнага насельніцтва.

Тым ня менш Абама даў зразумець, што міжнародная кааліцыя ў далейшай пэрспэктыве спадзяецца на зьмену ўлады ў Лібіі:

“Мы ўмяшаліся, каб спыніць разьню, і мы будзем супрацоўнічаць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі, каб гарантаваць бясьпеку цывільнаму жыхарству. Мы не дазволім рэжыму ўзбройвацца, адрэжам ад яго патокі грошай, падтрымаем апазыцыю і будзем працаваць зь іншымі дзяржавамі, каб прысьпешыць дзень, калі Кадафі пакіне ўладу. Магчыма, гэта ня здарыцца хутка, паколькі крайне аслаблены Кадафі адчайна трымаецца за ўладу. Але ўсім вакол Кадафі, як і кожнаму лібійцу, павінна быць ясна, што гісторыя не знаходзіцца на баку Кадафі”.
Усім вакол Кадафі, як і кожнаму лібійцу, павінна быць ясна, што гісторыя не знаходзіцца на баку Кадафі...


Адначасова Абама выразна заявіў, што ЗША ня мае намеру ангажавацца ў лібійскі канфлікт шырэй у вайсковым пляне:

“Пашырэньне нашай вайсковай місіі дзеля зьмены рэжыму было б памылкай. Заданьне, якое я паставіў нашым сілам – абараніць лібійскі народ ад наўпроставай пагрозы і ўстанавіць беспалётную зону – мае за сабою мандат ААН і міжнародную падтрымку. Гэта таксама тое, аб чым прасіла нас лібійская апазыцыя. Калі б мы спрабавалі скінуць Кадафі сілай, наша кааліцыя разьляцелася б. Мы мусілі б выслаць амэрыканскія сухаземныя войскі або паставіць пад пагрозу шматлікія жыцьці цывільнага насельніцтва, праводзячы ўдары з паветра”.
Пашырэньне нашай вайсковай місіі дзеля зьмены рэжыму было б памылкай...


Абама заявіў, што 30 сакавіка ЗША перададуць адказнасьць за апэрацыю ў Лібіі і кіраўніцтва гэтай апэрацыяй камандаваньню НАТО.

Сёньняшняе выданьне Washington Post, камэнтуючы прамову Абамы адносна Лібіі, ставіць пытаньне, ці магчымая амэрыканская гуманітарная інтэрвэнцыя, такая як у Лібіі, у іншых арабскіх краінах, дзе людзі таксама пратэстуюць супраць аўтарытарных рэжымаў, то бок у Бахрэйне і Емэне?

Камэнтатар газэты Дэйвід Ігнатыюс лічыць, што паўтарэньне такога ўмяшаньня малапраўдападобнае. Паводле яго, Абама прытрымліваецца "гібрыднай" стратэгіі ў замежнай палітыцы, якая спалучае ў сабе "рэалістычную" і "гуманітарна-інтэрвэнцыйную" тэмы.

У Бахрэйне амэрыканскай інтэрвэнцыі ня будзе, лічыць Washington Post, бо ЗША заклапочаныя стабільнасьцю Саудаўскай Арабіі, якая разглядае Бахрэйн як свой пратэктарат і не сьцярпела б, калі б паноўную там каралеўскую сям’ю адставілі ад улады.

У Емэне ЗША таксама ня будуць вайскова ўмешвацца, бо, як мяркуе Washington Post, Вашынгтону патрэбная ў гэтай краіне моцная ўлада, якая дапамагала б Амэрыцы змагацца з “Аль-Каідай” на Арабскім паўвостраве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG