Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу, сьпікерка ЭП і шэраг краін асудзілі «фіктыўныя выбары» ў Беларусі

Кая Калас, архіўнае фота

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кая Калас назвала выбары ў Беларусі «фіктыўнымі» і падкрэсьліла, што ў Аляксандра Лукашэнкі «няма ніякай легітымнасьці».

«Лукашэнка чапляецца за ўладу ўжо 30 гадоў. Заўтра ён зноў прызначыць сябе на чарговых фіктыўных выбарах. Гэта абуральная абраза дэмакратыі», — напісала Кая Калас у сацсетцы Х 25 студзеня, напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на выбарах у Беларусі.

У сваім паведамленьні Калас падкрэсьліла, што ў Лукашэнкі «няма ніякай легітымнасьці».

Кіраўніца Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсаля выказала падтрымку беларускаму народу і таксама назвала выбары ў Беларусі фіктыўнымі.

Рабэрта Мэтсаля

«Заўтрашнія выбары ў Беларусі фіктыўныя. Маё пасланьне народу Беларусі: будзьце моцнымі, мы вас падтрымаем, час дыктатуры скончыцца. Дэмакратыя пераможа», — напісала Рабэрта Мэтсаля на сваёй старонцы ў «Х» 25 студзеня, напярэдадні выбараў.

Кіраўнік МЗС Польшчы іранічна выказаўся пра інтрыгу беларускіх выбараў

«Сёньня ў Беларусі „выбары“. Чаканьне таго, хто будзе абвешчаны пераможцам, невыноснае», — напісаў міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў Х.

У першай палове 2025 году Польшча старшынюе ў Эўразьвязе.

Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней ужо заявіў шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі— Літва, Польшча, Украіна і Латвія.

У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкіх выбараў 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».

Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій напярэдадні выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прайшлі выбары Аляксандра Лукашэнкі. Жывы блог

Літва: у Беларусі ня выбары, а спроба Лукашэнкі застацца пры ўладзе

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі абмяжоўваюць магчымасьці беларускага народу ўдзельнічаць у выбарах.

«Тое, што адбываецца 26 студзеня ў Беларусі, — гэта ня выбары. Гэта няўдалая спроба Аляксандра Лукашэнкі застацца ва ўладзе пад прыкрыцьцём дэмакратыі. Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком дзяржавы. Ён ім ня стане нават пасьля нядзельнага «мерапрыемства», — працытавала Кястуціса Будрыса агенцтва ELTA, паведаміла літоўскае выданьне LRT.

Паводле яго, Лукашэнка імкнецца захаваць уладу любымі магчымымі сродкамі, выкарыстоўваючы рэпрэсіі і нават сымбалічныя рэчы. «Жорсткія рэпрэсіі абмяжоўваюць магчымасьці беларускага народу ўдзельнічаць у выбарах і арганізоўваць акцыі пратэсту», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі АПК і Каардынацыйнай рады: «Мы ня можам перагарнуць старонку, Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ»

У той жа час літоўскі міністар падкрэсьліў, што Літва будзе падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць, якія намагаюцца забясьпечыць дэмакратычную будучыню сваёй краіны.

МЗС Нямеччыны: у Беларусі выбары бяз выбару

Кіраўніца Міністэрства замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак заявіла, што галасаваньне 26 студзеня ў Беларусі — «горкі дзень для ўсіх, хто там імкнецца да свабоды і дэмакратыі».

«Замест свабодных і справядлівых выбараў і жыцьця бяз страху і свавольля яны штодзённа сутыкаюцца з прыдушэньнем, рэпрэсіямі і парушэньнямі правоў чалавека», — напісала Анналена Бэрбак на сваёй старонцы на плятформе Х.

Кіраўніца МЗС Нямеччыны нагадала, што ў Беларусі за кратамі застаюцца больш за 1200 палітвязьняў, якія мелі сьмеласьць свабодна выказвацца. Яна заклікала ўлады Беларусі іх вызваліць і спыніць жорсткія рэпрэсіі.

Анналена Бэрбак выказала павагу Сьвятлане Ціханоўскай і сьмелым беларусам, які паказваюць, наколькі важна змагацца за дэмакратыю ў Эўропе. «Эўрапейская сям’я трымае свае дзьверы адчыненымі для дэмакратычнай і свабоднай Беларусі», — заявіла кіраўніца МЗС Нямеччыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына заблякавала супольны зварот Эўразьвязу аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі