Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Translations” – у дзень Сьвятога Патрыка


Сёньня, 17 сакавіка, самы папулярны напой ва ўсім сьвеце –піва, найперш яго ірляндзкія гатункі – Guinness і Kilkenny. Самы папулярны колер – зялёны. Самая папулярная эмблема – трохлістковая канюшынка.

Сьвет набажэнствамі ў болей як дзьвюх тысячах храмаў імя Сьвятога Патрыка, парадамі, карнаваламі, вясёлымі піўнымі застольлямі адзначае дзень гэтага найпапулярнейшага ў хрысьціянскім сьвеце сьвятога – заступніка Ірляндыі. Ён прынёс на гэтую выспу хрысьціянства і выгнаў адтуль усіх зьмеяў.

Дзень Сьвятога Патрыка яшчэ называюць сьвятам ірляндзкай душы. У гэты дзень узгадваюць няскоранасьць ірляндцаў, іх супраціў калянізацыі, іх змаганьне за родную мову і культуру.

Гісторыя ірляндцаў сугучная гісторыі многіх заваяваных, калянізаваных народаў. У тым ліку беларусаў, наступствам расейскай калянізацыі якіх таксама стала згуба ўласнай мовы, культуры, ідэнтычнасьці. Вынікам – праблематычнасьць незалежнасьці і годнага чалавека дабрабыту.

Пра ўсё гэта будуць сёньня ўвечары словамі ірляндзкага драматурга Браяна Фрыла гаварыць артысты-купалаўцы. На сцэне Беларускага Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы ў дзень Сьвятога Патрыка паказваецца спэктакль “Translations” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

Гісторыя жыхароў невялікай ірляндзкай вёскі Бэйле Бэг, якую ангельскія калянізатары хацелі перарабіць у ангельскую Бэллібэг, вельмі зразумелая беларусам. Там ірляндзкую мову замянялі ангельскай, тут беларускую – расейскай. Там гвалцілі душу ірляндзкую, тут гвалцілі і працягваюць гвалціць душу беларускую.

Заля Купалаўскага тэатра будзе бітком запоўненая. На сёньня і заўтра ўсе квіткі былі распрададзеныя даўно.

Самы папулярная ў Менску імпрэза сёньня – спэктакль “Translations”.

Але ён ужо нясе страты. За месяц пасьля апошняга паказу зьнікла выразная афіша мастака Ўладзімера Цесьлера, на якой выява дзяўчыны з напужанымі вачыма і з залепленым ротам. Цяпер нават ля касы Тэатра – шэры тэкставы плякат. Інтрыгай сёньняшняга вечара заставалася і пытаньне, а ці ня зьнікла ўсьлед за афішай і аналягічная праграмка? Зьнікла. На шчасьце, спэктакль не забаранілі, але ўлады Беларусі баяцца ўжо і афішаў, і праграмаў.

Хтосьці з уладных апалягетаў і наступнікаў калянізатараў (ужо ў незалежнай Беларусі!) прачытаў афішу не як мастацкі вобраз, а як палітычны лёзунг. Такое магчыма толькі там, дзе вынішчаецца культура, перадусім нацыянальная.

Я сёньня буду адзначаць Дзень Сьвятога Патрыка ў Купалаўскім тэатры, а затым паспрабую ўсё ж прарвацца ў адзін зь нямногіх у Менску ірляндзкіх пабаў, каб выпіць пінту “Guinness”. За ірляндцаў і за беларусаў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG