Адзін мой знаёмы жыхар сацыяльных сетак заўважыў, што многія яго пазытыўныя запісы лайкаюць і перапошчваюць, але нэгатыўныя, зьедлівыя, кпіны — утрая больш. Чаму так?
У псыхалёгіі гэта называецца «гіпэркрытыцызм». Нэгатыўнае выказваньне ад пачатку ўспрымаецца як больш слушнае, чым пазытыўнае. Вядомы экспэрымэнт, калі студэнтам давалі два тэксты аднаго літаратурнага крытыка бяз подпісу, пазытыўны і крытычны — і прасілі ацаніць «аўтараў». Прысуд быў адназначны — крытычны «аўтар» быў прызнаны больш кампэтэнтным і разумнейшым. Калі мы хочам уразіць каго-небудзь, крытычныя заўвагі б’юць фантанам.
Кажуць, гэта вынік эвалюцыі — у суровых умовах увага да дрэнных навінаў дапамагала выжыць.
Верагодна, эвалюцыя працягваецца. Або сям-там яшчэ ходзяць у скурах...
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас maksymiukj@rferl.org. Аўтарства чытацкіх допісаў пазначым, ганарараў плаціць ня будзем.