У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ўнесьлі рэсурс «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», а менавіта яго групы ў сацыяльных сетках «Аднаклясьнікі», «УКантакце», Facebook.
Адпаведнае рашэньне аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай» прыняў суд Аршанскага раёну і Воршы 23 студзеня.
Рэсурс прысьвечаны сталінскім рэпрэсіям у Воршы і Аршанскім раёне. Кабыляцкая гара пад Воршай — адно зь вядомых месцаў рэпрэсій. Таксама пад Воршай людзей расстрэльвалі на другім канцы гораду, на Магілёўскай шашы.
Сталінскія рэпрэсіі — амаль забароненая тэма ў сучаснай Беларусі. Архівы спэцслужбаў, дзе можа захоўвацца шмат інфармацыі па рэпрэсіях, іх выканаўцах і абставіны, засакрэчаныя. Дасьледнікаў і ініцыятывы, якія займаюцца гэтай часткай гісторыі, перасьледуюць. Сам Лукашэнка неаднаразова публічна захапляўся Сталіным і бальшавікамі. У Курапатах, на Кабыляках і ў іншых месцах масавых расстрэлаў людзей бальшавікамі неаднаразова ўчыняліся акты вандалізму. Ніводнага разу міліцыянты вінаватых не знаходзілі і не прыцягвалі да адказнасьці.
Як улады выкарыстоўваюць кляймо «экстрэмізму» супраць незалежных СМІ, аналітыкаў і праектаў
У 2020–2021 гадах перастаў выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022–2023 гг. ужо з дапамогай новай тактыкі — прызнаньня публікацый СМІ «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а затым рэдакцый — «экстрэмісцкімі» групамі, арганізацыямі і фармаваньнямі.
Такім чынам рэжым Лукашэнкі дасягаў сваёй мэты — зьнішчыць або прынамсі істотна абмежаваць абсяг для альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, зачысьціўшы поле для дзяржаўных (прапагандысцкіх) мэдыя.
Спачатку праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. Перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, «Белсат», БелаПАН, «Эўрарадыё», Tut.by, Kyky.org, «Наша ніва», «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», Orsha.eu, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «Мост», «Люстэрка», «Ранак», Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.
Акрамя СМІ, у поле зроку спэцслужбаў трапіў шэраг блогаў і незалежных праектаў. У прыватнасьці, у Воршы ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ўнесьлі рэсурс «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», а менавіта яго суполкі ў сацыяльных сетках «Аднаклясьнікі», «УКантакце», Facebook. Ярлык «экстрэмістаў» вешаюць на праекты рознай тэматыкі, у тым ліку тыя, якія пішуць не пра палітыку, а прысьвечаныя спорту, культуры, гісторыі, гумару.
У 2024 годзе ўлады ініцыявалі завочны суд над фігурантамі так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» «Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай». Абвінавачанымі былі 20 чалавек — Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна і журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст.
«Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай былі аб’яднаныя ў адну справу, хоць некаторыя зь іх ня мелі ніякага дачыненьня да Ціханоўскай, сярод іх, папраўдзе, былі яе крытыкі, якія не кантактавалі паміж сабой і нават мелі дрэнныя стасункі», — зазначыла ў сваім аналізе міжнародная праваабарончая арганізацыя Respect — Protect — Fulfill.
Праз абвяшчэньне экстрэмістамі і іншыя формы ціску дзяржавы ў 2024 годзе закрыліся некалькі мэдыяпраектаў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі
Асноўнае пра Курапаты
Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму
Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў
«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі
Картатэка Сталіна
Форум