Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» падала на Лукашэнку ў Міжнародны крымінальны суд за перасьлед журналістаў


Мапа арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», дзе паказваецца становішча са свабодай СМІ. Толькі ў шэрагу арабскіх краін і Кітаі журналісты маюць горшае становішча, чым у беларускіх калег
Мапа арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», дзе паказваецца становішча са свабодай СМІ. Толькі ў шэрагу арабскіх краін і Кітаі журналісты маюць горшае становішча, чым у беларускіх калег

Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) заявіла, што падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд (ICC) на «беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі» ў дачыненьні журналістаў з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

RSF заклікала пракурора ICC Карыма Хана расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі ў дачыненьні журналістаў, якіх, па іх словах, «сыстэматычна перасьледуюць».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заявіла, што задакумэнтавала адвольныя арышты амаль 400 журналістаў са жніўня 2020 году, пры гэтым 43 журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца ў турмах у Беларусі.

Рэпрэсіі з боку ўладаў прымусілі многіх беларускіх рэпартэраў уцякаць у Польшчу і Літву, адзначае RSF, дадаючы, што «сама па сабе прымусовая высылка кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці».

Меркаваныя дзеяньні уладаў «відавочна ёсьць злачынствам супраць чалавечнасьці ў выглядзе пазбаўленьня волі, перасьледу і прымусовага перамяшчэньня беларускіх журналістаў за іхную працу», гаворыцца ў заяве RSF.

У верасьні Літва заявіла, што папрасіла Хана расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці падчас рэпрэсій супраць апанэнтаў Лукашэнкі. Офіс Хана праводзіць папярэднюю праверку, але адзначыў, што заява дзяржавы – сябра ICC не заўсёды прыводзіць да пачатку афіцыйнага расьсьледаваньня.

26 студзеня 70-гадовы Лукашэнка балятуецца сёмы раз на прэзыдэнцкую пасаду, якую ён утрымлівае шмат гадоў. Ён імкнецца падоўжыць сваё 30-гадовае знаходжаньне ва ўладзе, задушыўшы ўсю апазыцыю ў краіне. Эўрапарлямэнт заклікаў міжнародную супольнасьць не прызнаваць вынікаў выбараў.

«Выбарчы фарс, хутчэй за ўсё, пройдзе бесьперашкодна, без супрацьвагі незалежных СМІ, забясьпечыўшы перамогу Лукашэнкі над чатырма кандыдатамі-марыянэткамі», — адзначае RSF.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG