Былы палітзьняволены з Горадні Вадзім Ермашук паведаміў пра арышт маёмасьці
У Instagram Вадзім Ермашук (блогер Vadimati) апублікаваў апавяшчэньне ад упраўленьня Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці. У ім паведамляецца, што на кватэру блогера ў Горадні 14 студзеня 2025 году наклалі арышт. Вядома, што гэта адбылося на падставе пастановы сьледчага. Аб прычыне арышту ў дакумэнце інфармацыі няма.
«Ня ведаю нават, за што. Да санкцый не заклікаў, расказваў толькі ўсю „жэсьць“, што адбывалася са мной», — пракамэнтаваў блогер.
Вадзім Ермашук (Vadimati) — былы палітвязень. Яго затрымалі ў жніўні 2021 году ў Шчучыне, куды блогер паехаў здымаць ролік. Пасьля 40 дзён адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзьве крымінальныя справы — паводле артыкулаў 368 (Абраза прэзыдэнта) і 370 (Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) Крымінальнага кодэксу.
У судзе Ермашук не прызнаў віны па ніводным з артыкулаў і адмовіўся даваць паказаньні. 21 сьнежня 2021 году суд Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці пакараў горадзенца 3 гадамі ў калёніі агульнага рэжыму (судзьдзя Дзьмітры Цівунчык).
Пасьля вызваленьня Ермашук заявіў, што ў зьняволеньні ня меў патрэбнай мэдычнай дапамогі.
Шматдзетную маці Юлію Лаптановіч будуць судзіць трэці раз
Палітзьняволеную Юлію Лаптановіч утрымліваюць за кратамі больш за тры гады і тры месяцы. На пачатку студзеня на «хатнюю хімію» асудзілі яе маці — Тацяну Васільеву, а муж Юліі Ігар Лаптановіч у 2023 годзе цалкам адбыў пазбаўленьне волі.
Жанчыну ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных справаў, і цяпер яе зноў чакае суд. Гэтым разам Юлію абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Справу пачнуць разглядаць у Берасьцейскім абласным судзе 27 студзеня, судзьдзя — Кацярына Груда.
Што менавіта ставіцца ў віну Юліі, невядома, піша «Вясна».
Былога хакеіста моладзевай зборнай Беларусі судзяць за ўдзел у пратэстах
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 31 студзеня пачнецца суд над чарговай групай удзельнікаў пратэстаў у Беларусі. На лаве падсудных — Алег Буяк, Настасься Буяк, Юры Храмовіч і Яўген Барэль, паведамляе «Наша Ніва».
Усім ім інкрымінуюць удзел у пратэстах (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Магчымае пакараньне — ад арышту да 4 гадоў калёніі. Судзьдзя — Уладзімер Пазьняк.
30-гадовы Алег Буяк — былы прафэсійны хакеіст, выступаў за зборную Беларусі 18-гадовых і 20-гадовых, удзельнічаў у чэмпіянаце сьвету, у 2010-я гуляў за бабруйскі «Дынама-Шыньнік», горадзенскі «Нёман», жлобінскі «Мэталюрг» і «Ліду». У 2017 годзе скончыў кар’еру.
Форум