Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Беларусі заявіла пра рэкордную яўку на выбары ў першы дзень датэрміновага галасаваньня


Перадвыбарчы постэр у Менску, ілюстрацыйнае фота
Перадвыбарчы постэр у Менску, ілюстрацыйнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі заявіла, што ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта яўка склала 7,81%. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Згодна з апублікаванымі ЦВК зьвесткамі,

  • найбольшая яўка ў Берасьцейскай вобласьці — 8,95%,
  • у Менску — 8,54%,
  • Менскай вобласьці — 8,52%,
  • Віцебскай — 7,45%,
  • Магілёўскай — 7,25%,
  • Гомельскай — 7,01%,
  • Горадзенскай — 6,08%.

Гэта рэкордная яўка ў параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі. Для параўнаньня: яўка ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, паводле ЦВК, склала 4,98%, на выбарах 2015 году — 4,49%, 2010-га — 3,4%, 2006-га — 3%, 2001-га — 2,3%.

Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны на выбарах у парлямэнт і мясцовыя саветы ў 2024 годзе — тады яўка ў першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 5,94%. У 2021 годзе яўка ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на парламенцкіх выбарах у 2019 годзе, паводле ЦВК, склала 4,69%, у 2016 годзе — 3,92%, у 2012-м — 3%, у 2008-м — 2,7% , у 2004-м — 2, 68%, праааналізаваў «Позірк».

Як прайшоў першы дзень галасаваньня

Як паведамляе экспэртная місія кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», выбарнікам, якія галасуюць упершыню, БРСМ дорыць цішоткі з надпісам «Мой голос ПЕРВЫЙ!». з назвай «Першы», «Первый» асацыюецца прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, то-бок, улады выкарыстоўваюць заклік, сугучны зь ёй.

«Па выніку мы маем не нэўтральны заклік паўдзельнічаць у выбарах, а агітацыю не па правілах», — кажа юрыстка кампаніі Святлана Галаўнёва, юрыстка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Прадзяржаўныя мэдыя ў першыя гадзіны датэрміновага галасаваньня апублікавалі здымкі людзей на ўчастках, якія нібыта ідуць галасаваць «цэлымі сем’ямі», на большасьці здымкаў — сем’і зь непаўнагадовымі дзецьмі, якія і ня маюць права галасаваць, адзначаюць праваабаронцы.

ЦВК нагадаў пра забарону фота- і відэаздымак запоўненага бюлетэня, пры гэтым прадзяржаўныя СМІ публікуюць фатаздымкі, як людзі галасуюць у незакрытых кабінках для галасаваньня.

«Таямніца галасаваньня распаўсюджваецца перш за ўсё на тое, за/супраць каго галасуе чалавек, а не на сам факт удзелу ў выбарах. Але канешне, фота чалавека, які галасуе ў кабінцы, можа яе парушыць. Па фота ці відэа можна адсачыць, за каго галасаваў чалавек, нават калі такога намеру і не было (...) Складана быць упэўненым у таямніцы галасаваньня ў такім выпадку», — камэнтуе Сьвятлана Галаўнёва.

Яна падкрэсьлівае, што фатаграфаваць і здымаць запоўнены бюлетэнь забаронена «ня толькі ў дачыненьні да выбарнікаў, але да ўсіх, таму калі СМІ фатаграфуюць ці здымаюць чалавека з ужо запоўненым бюлетэнем — гэта парушэньне арт. 52 Выбарчага кодэксу».

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG