Карэспандэнт: “Наколькі можна даваць веры афіцыйным “гламурным” лічбам, якія падаюць ва ўрадзе, адносна сытуацыі ў эканоміцы? Навокал крызіс, а ў Беларусі — “гламур”. Ці хавае тут нешта ўрад, ці выдае жаданае за сапраўднае?”
Раманчук: Добра, што Сідорскі прызнаў, што ў нас у эканоміцы і ў лічбах два “г” — гламур і глянец. І гэта велізарны крок наперад параўнальна з тым, што раней ён спасылаўся на 19 паказчыкаў, якія трэба выканаць. І гэтыя лічбы нікога ўжо ня радуюць: усе разумеюць, што гэта лічбы надзіманыя, за якімі хаваецца вельмі жорсткі крызіс, які заходзіць у беларускую хату, у беларускі бюджэт. І тое, што ні міністэрства фінансаў, ні міністэрства эканомікі, ні Нацбанк ня могуць запрапанаваць выйсьце з крызісу, кажа пра інтэлектуальную патэнцыю ўраду. Трэба проста адкрыта сказаць пра стан беларускай эканомікі і папрасіць дапамогі ў беларускіх экспэртаў. А так гламуру і глянцу яшчэ хопіць на БТ, але для таго, каб раздаць заробкі і пэнсіі — ужо ня хопіць.
Карэспандэнт: Дарэчы, напярэдадні былі агучаны лічбы Міжнароднай арганізацыі працы, якая падае, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі перавышае афіцыйны паказчык у 5—6 разоў. Але чаго чакаць далей? Ці ўдасца ўладам стрымаць беспрацоўе?
Раманчук: Калі палічыць добра і палічыць тых людзей, які вяртаюцца ў краіну, гадзіны працы, якія страчвае наша эканоміка, бо няпоўны працоўны дзень альбо адпачынкі без аплаты, то 2009 год у нас будзе годам 10-адсоткавай інфляцыі, і гэта будзе сьведчыць, што структурны крызіс увайшоў ужо ў дом. Нельга даручаць міністэрствам працы ці эканомікі ствараць працоўныя месцы, бо гэта ня праца чыноўнікаў. Адзіны рэсурс, каб зрабіць рэформу рынку працы, зрабіць новыя месцы працы — гэта лібэралізацыя бізнэсу, прадпрымальнікаў, скасаваньне ўсіх забаронаў наконт найманьня людзей...
Карэспандэнт: Што азначае для эканомікі пададзеная Сяргеем Сідорскім інфармацыя пра тое, што палова прадпрыемстваў ужо ходзіць на кароткі тыдзень? Дарэчы, нават Менскі аўтазавод у панядзелак зноў прастойваў... Гэта вынік усясьветнага крызісу ці дзейнасьці ўраду?
Раманчук: Безумоўна, ёсьць зьнешнія фактары таго, што не купляюць, што цана на нафту, калійныя ўгнаеньні, мэталы ўпала. Але трэба было, каб урад у жніўні-верасьні мінулага году пачаў на гэта рэагаваць, а не рабіць выгляд, што ўсё добра, і заганяць трыльёны рублёў у інвэстыцыйныя праекты, на склады тавараў, якія сёньня ніхто не купляе. Некампэтэнтнасьць ураду паглыбляе крызіс. Робіць выйсьце з крызісу для людзей, якія звальняюцца, больш балючым, а шанцы Беларусі на тое, каб першай выйсьці з крызісу, яшчэ менш рэальнымі.