Паводле афіцыйнай інфармацыі, на складах прадпрыемстваў Магілёўшчыны назапашана прадукцыі больш як на 760 мільярдаў рублёў. Экспарт зьнізіўся на сорак мільёнаў даляраў. За апошнія два месяцы істотна скараціліся паступленьні ў бюджэт рэгіёну. Кіраўніцтва аблвыканкаму прызнае, што ёсьць праблемы з рэалізацыяй сацыяльных праграмаў, фінансаваньнем бюджэтнай сфэры й выплатай заробкаў.
Кіраўнікі прадпрыемстваў, заяўляе Пётар Руднік, прыкладаюць недастаткова намаганьняў, каб адолець наступствы крызісу:
у 2010 годзе крызіс ня скончыцца...
“Спадзяюцца на тое, што крызіс у 2009 годзе, ну ў 2010 годзе, урэшце скончыцца. І потым, пасьля гэтага, яны будуць працаваць далей. Дык вось, ён ня скончыцца”.
Што ж прапануе кіраўнік аблвыканкаму?
“Бярыце за аснову тое, што сёньня робіцца ў Злучаных Штатах па распродажы. Тады за гэтымі шкарпэткамі й шторамі прыбягуць з Расеі й павязуць іх у Расейскую Фэдэрацыю. Тады ў вас будуць паказьнікі й прадпрыемствы будуць працаваць. Езьдзяць у Хмяльніцкі, ва Ўкраіну па тавар гэтак званы. А я хачу, каб езьдзілі сёньня ў Магілёўскую вобласьць”.
Ці слушна вінаваціць толькі адных прамыслоўцаў у сытуацыі, якая склалася ў рэгіянальнай эканоміцы? Эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што гэта несправядліва:
“Ад іх патрабавалі: дай валавую прадукцыю — яны гналі гэту валавую прадукцыю. Гэта дзяржаўная палітыка. Можа, сёньня столькі ж часу й фінансавых рэсурсаў выдзеліць менавіта на разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу? Можа, людзям узьняць выплаты па беспрацоўі? Можа, даць магчымасьць прадпрыемствам скінуць зь сябе лішнюю працоўную сілу?”.
Што чакае рэгіянальную эканоміку ў бліжэйшай пэрспэктыве?
“Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва рэзка зьнізілася, рынкі збыту ўнутры краіны й зьнешнія рынкі збыту шмат у чым страчаныя, таму затаваранасьць складоў будзе працягвацца. Сытуацыя будзе пагаршацца”.