Нават сваякоў падсудных на працэс не дапусьцілі. У выніку былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір атрымаў 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Сьнягір прызнаны вінаватым у хабарніцтве, службовых злоўжываньнях і незаконных дзеяньнях з боепрыпасамі. Былы дырэктар вядомай будаўнічай фірмы «Забудова» Міхаіл Кудзелка асуджаны на 3 з паловай гады без канфіскацыі маёмасьці. Кудзелка прызнаны вінаватым у дачы хабару і злоўжываньнях службовым становішчам. Сваякі асуджаных не хавалі эмоцый, калі судзьдзя Аляксей Рыбакоў зачытаў выніковую частку прысуду.
Судзьдзя Рыбакоў: «…пасьля азнаямленьня яны маюць права прынесьці заўвагі на пратакол».
Сваякі асуджаных: «Што 9 месяцаў рабіў суд?»
Судзьдзя Рыбакоў: «Судовае паседжаньне абвяшчаецца закрытым».
Сваякі асуджаных: «Ганьба! Ганьба пракуратуры і суду ганьба! Вы добра ведаеце, што гэта сфабрыкаваная справа. Сьведкі гэта даказалі. Вы закрыліся і ўсё закрылі».
Міліцыянт: «Пакідаем залю!»
Карэспандэнт: «Спадар Сьнягір, вы нешта скажаце для мэдый?»
Гэта мафія, якая мяне перасьледавала, схавала сюды.
Выказаўся і Міхаіл Кудзелка: «Справа сфабрыкаваная. Час рассудзіць і ўсё паставіць на месцы».
У лістападзе 2008 году Аляксандар Лукашэнка загадаў зьняць з пасадаў Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава ды прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з гісторыяй аб элітнай кватэры Сьнегіра па вуліцы Грыбаедава. Неўзабаве Сьнегіра зьнялі з пасады і арыштавалі. Пазьней у ягонай справе пачаў фігураваць загарадны катэдж, які, паводле сьледзтва, ён будаваў на падстаўных асобаў. Частку будаўнічых матэрыялаў, як вырашыў суд, Сьнегіру даў у якасьці хабару Кудзелка. Сёньняшнім рашэньнем Вярхоўнага суду катэдж і кватэра ў элітным доме на вуліцы Грыбаедава ў Сьнегіра забраныя. Сын асуджанага Вадзім кажа, што сям’я ні дня не жыла ў гэтай кватэры, якую бацька набыў цалкам законна. Што да катэджу на беразе Менскага мора, Сьнягір-старэйшы яго не будаваў аднаасобна, а толькі ўдзельнічаў у аздабленьні дому. Вось што Вадзім Сьнягір мяркуе адносна таго, чаму справу зрабілі закрытай:
«Каб ніхто ня ведаў, пра што казалі на працэсе. У нас ёсьць лісты бацькі, напісаныя падчас суду. Ён піша, што нічога не даказана: больш
Ён піша, што нічога не даказана: больш за 130 сьведак, і ніхто нічога не пацьвердзіў.
Сястра Міхаіла Кудзелкі Валянціна Навамлынцава перакананая, што яе брат не вінаваты і што ён стаў ахвярай замовы, але чыёй, ёй невядома:
«Я далёкая ад гэтага. Толькі я чула, што Аляксандар Рыгоравіч сказаў, каб судзілі па справядлівасьці. А як гэта рабілася, я ня ведаю».
Абаронцы Сьнегіра і Кудзелкі адмовіліся ад камэнтару на той падставе, што яшчэ не ўзгаднілі свае пазыцыі адносна прысуду з падабароннымі.