Няма як пазваніць і спытацца, як справы.
Ці была ў лекара.
Ці хадзіла ў тэатар.
Ці стаяць яшчэ кветкі зь дня народзінаў?
Ці прыходзілі ў адведкі бацькі з адзінай у горадзе беларускай клясы.
Ці дайшлі лісты ў турму да палітвязьняў.
Ці хапіла асобнікаў маёй новай кнігі для ўсіх сяброў.
Ці бура не сарвала сьцяг з балькона.
Ці працягнула падпіску на «Наша слова», «Народную Волю» і «Дзеяслоў».
Ці раздрукавала фота з падарожжаў у Варшаву, Вэнэцыю, Прагу.
Ці трэба грошы.
Ці што перадаць.
Ці што прывезьці.
Ці што зрабіць.
Мама памерла сорак дзён таму.
Толькі сорак?
Ужо сорак?
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org