Для многіх палешукоў збор лясных ягад і грыбоў — асноўны заробак. Прадаючы «дары лесу», яны спраўляюць дзецям абноўку да школы, аплачваюць вучобу ў каледжах ды ўнівэрсытэтах, разьлічваюцца па крэдытах на кватэры, а то й проста выжываюць. Едуць у лес у ягады й грыбы і многія гараджане, каб мець якую капейчыну на шматлікія расходы.
На Гомельшчыне гэтым летам з-за сухога надвор’я і шматлікіх пажараў мясцовыя ўлады забаранілі наведваць лясы. Перад людзьмі паўстала дылема: адмовіцца ад «ляснога» заробку або рызыкаваць і атрымаць вялікі штраф за паход у лес?
Шматдзетная маці Ірына, якая жыве пры лесе ў адной зь вёсак Хойніцкага раёну, прызнаецца, што яе сям’я чакае лета й ягаднага сэзону акурат як збавеньня:
«Чакаем лета, як Бога, бо толькі на ягадах ды лісічках можна зарабіць. А заробіш на ягадах — купіш цукру, варэньня дзецям наварыш, солі купіш — усяго на сьвеце. І дзяцей да школы абуць, адзець за тыя ягады».
На цяперашнюю забарону наведваньня лесу жанчына толькі ўсьміхаецца: маўляў, сьцежак-дарожак у лесе багата, і ніхто іх лепей ня ведае за тутэйшых вяскоўцаў. Бо ідуць яны да бору не на прагулку — ідуць, каб зарабіць на тых самых грыбах ды ягадах і гэткім чынам выжываць.
Гамяльчанка Марыя расказала, што паводле прафэсіі яна — эканаміст. Калі ў лесе пачалі пасьпяваць чарніцы, спэцыяльна ўзяла адпачынак:
«Я ўзяла адпачынак, бо даводзіцца выжываць. У мяне ёсьць даўгі, а на чарніцах за адпачынак я магу, і спадзяюся, зарабіць нейкую тысячу даляраў».
Маладая жанчына лічыць, што на пэрыяд ягадна-грыбнога сэзону ўлады мусяць неяк урэгуляваць пытаньне з наведваньнем лясоў — хоць бы для тых, хто жыве побач зь лесам. Можна нават паступіць так, як гэта зрабілі ў Столінскім раёне суседняй Берасьцейскай вобласьці — там вясковец паведамляе ў лясьніцтва, калі выпраўляецца ў лес па ягады.
Марыя кажа:
«Ідэя добрая, каб даваць дазвол людзям, якія жывуць у вёсках каля лесу ці маюць у такіх мясьцінах лецішчы. Лепей усё-ткі дазваляць, бо гэта іх хлеб. Людзі страчваюць з-за забаронаў вялікія грошы, у тым ліку і я. Ідзём на свой страх і рызыку, баючыся, што аштрафуюць нас. Усе людзі-ягаднікі — яны ніколі не прычыняцца да пажару. Пажар разводзяць — закурваюць, кідаюць акуркі-бычкі — прыежджыя альбо п’яныя. А грыбнікі ды ягаднікі, яны берагуць лес, бо гэта іхні хлеб, іх заробак».
У Гомельскім лесагаспадарчым аб’яднаньні не падзяляюць практыку столінскіх лясьніцтваў, якія дазваляюць наведваць лясы паводле заяўнага прынцыпу:
«У іх не такая ўзгаральнасьць. Калі глядзець па зводках, у іх трэцяя кляса пажарнай небясьпекі, у нас — чацьвёртая й пятая. У нас на парадак складанейшая сытуацыя. Сядзім, як на парахавой бочцы. У Мазырскім раёне — пятая кляса пажарнай небясьпекі — амаль за два месяцы ніводнага дажджу. У нас такога ніколі не было. Так што атрыманы прыбытак на зборы ягад можа ўвесь вярнуцца ў бюджэт, бо за парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі мы штрафуем і штрафуем. Пакуль ня пройдуць дажджы — хоць бы 4-6 гадзін спорнага дажджу — ніякага паслабленьня ня будзе, бо сума нанесенай шкоды ад пажараў і выдаткаў на тушэньне — гэта мільярды».
Прадстаўнік лесагаспадарчай службы паведаміў таксама, што цяпер у шмат якіх лясных масівах рэгіёну ўсталяваны фотакамэры, якія аўтаматычна фіксуюць парушальнікаў пажарнай бясьпекі. Так што квіток на штраф да чатырох з паловай мільёнаў рублёў зборшчыку грыбоў і ягад можа прыйсьці і праз два месяцы пасьля паходу ў лес. Паўсотні зборшчыкаў ягад аштрафаваны ўжо цягам бягучага тыдня.