Аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст гэтак пракамэнтаваў вызваленьне 22 жніўня шасьці палітвязьняў:
«Аляксандар Лукашэнка зьняў адзіную перашкоду на шляху нармалізацыі адносінаў з Захадам на максымуме эфэктыўнасьці гэтага кроку. Цяпер яму ня будуць прад’яўляць ніякіх дадатковых катэгарычных умоваў для нармалізацыі. Гэта значыць, што застаюцца і праблема свабодных выбараў, і праблема свабоды слова, і многае іншае, але гэта тэмы для перамоваў у рамках нармалізаваных адносінаў, а не перадумова нармалізацыі.
Плюс Расеі няма чаго на гэты крок запярэчыць і чым-небудзь Лукашэнку папракнуць. Не яна ж іх саджала. А што ў Захаду больш няма катэгарычных умоваў на шляху нармалізацыі адносінаў з Беларусьсю — не падстава для Масквы пасылаць „ветлівых людзей“».