Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у ААН: супрацоўнікаў агенцтва па наданьні дапамогі палестынцам падазраюць ва ўдзеле ў нападзе ХАМАС на Ізраіль


Філіп Ладзарыні
Філіп Ладзарыні

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (англ. UNRWA), якое працуе ў палестынскай аўтаноміі і ў сэктары Газа, аб’явіла аб звальненьні некалькіх сваіх супрацоўнікаў. Іх падазраюць ва ўдзеле ў нападзе групоўкі ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году.

Паводле генэральнага камісара UNRWA Філіпа Ладзарыні, зьвесткі аб датычнасьці некалькіх супрацоўнікаў да нападу агенцтву перадалі ізраільскія ўлады. У агенцтве распачалі расьсьледаваньне.

«Любы супрацоўнік UNRWA, датычны да тэрарыстычных актаў, будзе прыцягнуты да адказнасьці, у тым ліку ў рамках крымінальнага перасьледу», — сказаў Ладзарыні.

Ён паўтарыў, што Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам «самым рашучым чынам асуджае» напады, учыненыя 7 кастрычніка, і заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх ізраільскіх закладнікаў.

Ладзарыні праінфармаваў генсакратара ААН Антонію Гютэрыша аб «надзвычай сурʼёзных абвінавачваньнях, вылучаных у дачыненьні да супрацоўнікаў агенцтва». Ён не назваў колькасьць падазраваных супрацоўнікаў, аднак у заяве Дзярждэпартамэнту ЗША ўказваецца, што іх 12.

ЗША зьяўляюцца найбуйнейшым спонсарам UNRWA. На час расьсьледаваньня Вашынгтон прыпыніў яго фінансаваньне. Групоўка ХАМАС прызнаная ў ЗША тэрарыстычнай.

  • UNRWA надае гуманітарную дапамогу больш чым двум мільёнам людзей, якія пражываюць у сэктары Газа, уключаючы неабходнае харчаваньне, лекі і жыльлё.
  • Ізраіль раней неаднаразова крытыкаваў UNRWA, сьцьвярджаючы, што школы, якімі кіруе агенцтва, выкарыстоўваліся ХАМАС для тэрарыстычнай дзейнасьці. Паводле дадзеных ізраільскага боку, у выніку нападу ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» ў Ізраілі загінулі каля 1400 чалавек, 240 — узяты ў закладнікі (большасьць зь іх застаецца ў палоне, некаторыя загінулі).
  • У адказ Ізраіль, паабяцаўшы зьнішчыць ХАМАС, наносіць удары па сэктары Газа, які знаходзіцца пад кантролем групоўкі. Па дадзеных палестынскага боку, у выніку ізраільскага наступу загінулі больш за 26 тысяч жыхароў сэктару Газа.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG