Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі Ізраіль да неадкладнага расьсьледаваньня расстрэлу ізраільскімі вайскоўцамі гуманітарнага канвою


Расстраляны аўтамабіль World Central Kitchen у сектары Газы, 2 красавіка 2024 году.
Расстраляны аўтамабіль World Central Kitchen у сектары Газы, 2 красавіка 2024 году.

2 красавіка стала вядома аб гібелі супрацоўнікаў няўрадавай арганізацыі World Central Kitchen у выніку ізраільскага авіяўдару па сэктары Газы. Заснавальнік арганізацыі, амэрыканскі шэф-кухар Хасэ Андрэс, паведаміў пра сем загінулых і аб’явіў аб прыпыненьні працы ў анкляве.

Супрацоўнікі арганізацыі перамяшчаліся па сэктары Газы на двух браняваных аўтамабілях зь лягатыпам WCK і яшчэ адным транспартным сродку, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Нягледзячы на каардынацыю дзеяньняў з ізраільскімі вайскоўцамі, канвой быў абстраляны пры выезьдзе са складу ў горадзе Дэйр-эль-Балах пасьля разгрузкі больш за 100 тон гуманітарнай харчовай дапамогі, дастаўленай у Газу морам, паведамляе WCK.

Загінулі трое брытанцаў, палестынец, грамадзянін ЗША і Канады з двайным грамадзянствам, паляк і аўстраліец. Улады Брытаніі, Польшчы, Аўстраліі, Канады і ЗША асудзілі напад і запатрабавалі ад Ізраіля правесьці расьследаваньне.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу прызнаў, што ізраільскія войскі нанесьлі «ненаўмысны ўдар» па «нявінных людзях» і паабяцаў зрабіць усё, каб такога не паўтарылася.

Прэзыдэнт Ізраілю Іцхак Герцаг прынёс прабачэньні за авіяўдар у сэктары Газы, у выніку якога загінулі супрацоўнікі WCK. Ён зьвязаўся з Хасэ Андрэсам, каб выказаць «глыбокі смутак і шчырыя прабачэньні ў сувязі з трагічнай гібельлю людзей», гаворыцца ў заяве офіса прэзыдэнта.

Начальнік штаба ЦАХАЛ Герцы Халеві таксама прынёс прабачэньні за ўдар Ізраілю па калёне з гуманітарнай дапамогай у сэктары Газы, дадаўшы, што гэта стала вынікам «няправільнай ідэнтыфікацыі», якая расьсьледуецца.

ЗША заклікалі Ізраіль да неадкладнага расьсьледавання здарэньня. Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што праводзяць праверку магчымай гібелі работнікаў World Central Kitchen.

З пачатку баявых дзеяньняў ізраільскага войска ў сэктары Газы World Central Kitchen разьмеркавала ў рэгіёне больш за 32 мільёны порцый ежы.

  • З восені летась ізраільскае войска праводзіць у сэктары Газы баявую апэрацыю ў адказ на напад групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Тады загінулі каля 1400 чалавек, больш за 250 чалавек былі вывезены ў Газу. Частку зь іх вызвалілі ў абмен на палестынскіх зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў турмах Ізраіля. Па апошніх дадзеных, у сэктары могуць утрымлівацца больш за 130 чалавек, але колькі з іх жывыя, невядома.
  • ААН неаднаразова зьвяртала ўвагу на гуманітарныя праблемы, зьвязаныя зь нястачай харчаваньня ў Газе. Ізраільскі бок пры гэтым раней заявіў, што блізкаўсходнія структуры арганізацыі супрацоўнічаюць з ХАМАС і адмаўляюцца ўзаемадзейнічаць у пытаньнях урэгуляваньня канфлікту.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG