Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп абвясьціў аб запуску праекту Stargate для разьвіцьця штучнага інтэлекту коштам $500 млрд


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прадстаўляе праект разьвіцьця інфраструктуры штучнага інтэлекту побач з сузаснавальнікам Oracle Лары Элісанам, генэральным дырэктарам SoftBank Масаёсі Сонам ​​і генэральным дырэктарам OpenAI Сэмам Альтманам у Белым доме, 21 студзеня 2025
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прадстаўляе праект разьвіцьця інфраструктуры штучнага інтэлекту побач з сузаснавальнікам Oracle Лары Элісанам, генэральным дырэктарам SoftBank Масаёсі Сонам ​​і генэральным дырэктарам OpenAI Сэмам Альтманам у Белым доме, 21 студзеня 2025

Прэзыдэнт Дональд Трамп у аўторак абвясьціў аб буйным інвэстыцыйным праекце ў стварэньні інфраструктуры для разьвіцьця штучнага інтэлекту, якую ўзначаліў японскі гігант SoftBank, Oracle і стваральніца ChatGPT, кампанія OpenAI.

Гэты праект, які атрымаў назву Stargate, «інвэстуе ня менш за 500 мільярдаў даляраў у інфраструктуру ШІ ў ЗША», адзначыў Трамп, робячы заяву ў Белым доме, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Гэты манумэнтальны праект — яркая заява аб веры ў патэнцыял Амэрыкі пад кіраўніцтвам новага прэзыдэнта», — сказаў ён на наступны дзень пасьля сваёй інаўгурацыі на другі тэрмін.

Генэральны дырэктар OpenAI Сэм Альтман, старшыня SoftBank Масаёсі Сон і заснавальнік Oracle Лары Элісан прысутнічалі на прэс-канфэрэнцыі, на якой Трамп абвясьціў аб запуску Stargate.

Праект рэалізуецца ў той момант, калі буйныя тэхналягічныя кампаніі імкнуцца задаволіць вялізныя патрэбы ў вылічальных магутнасьцях для ШІ і знайсьці электраэнэргію, неабходную для пашырэньня новых тэхналёгій.

Трамп паведаміў, што Stargate будзе будаваць фізычную і віртуальную інфраструктуру для падтрыманьня наступнага пакаленьня дасягненьняў у ШІ, уключаючы будаўніцтва «калясальных дата-цэнтраў».

«SoftBank і OpenAI зьяўляюцца вядучымі партнэрамі для Stargate, пры гэтым SoftBank нясе фінансавую адказнасьць, а OpenAI — апэрацыйную», — гаворыцца ў заяве кампаніі OpenAI.

У заяве таксама гаворыцца, што MGX зьяўляецца чацьвёртым акцыянэрам, а «Arm, Microsoft, NVIDIA, Oracle і OpenAI ёсьць асноўнымі тэхналягічнымі партнэрамі на старце».

«Будаўнічыя работы ўжо пачаліся ў Тэхасе, і мы ацэньваем магчымыя пляцоўкі па ўсёй краіне для стварэньня дадатковых кампусаў, пакуль мы завяршаем заключэньне канчатковых пагадненьняў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Тэхас хутка становіцца альтэрнатывай Каліфорніі для буйных інвэстыцый у тэхналёгіі.

Элісан, зрабіўшы кароткую заяву ў Белым доме, падкрэсьліў мэдыцынскія інавацыі, якія абяцае разьвіцьцё ШІ, такія як «раньняе выяўленьне раку з дапамогай аналізу крыві».

Чаканая аб’ява аб укладаньнях адбылася празь дзень пасьля таго, як Трамп адмяніў прэзыдэнцкі ўказ свайго папярэдніка Джо Байдэна, які вызначыў меры кантролю для кампаній, якія займаюцца распрацоўваньнем магутных мадэляў ШІ.

На той жа прэс-канфэрэнцыі Трамп заявіў, што ён гатовы разгледзець магчымасьць куплі кітайскай праграмы TikTok мільярдэрам Іланам Маскам, уладальнікам сацыяльнай плятформы X.

«Я б не пярэчыў, калі б ён захацеў купіць [TikTok]», — сказаў Трамп, адказваючы на пытаньне, ці няма ў яго пытаньняў да набыцьця Маскам відэаплятформы, якая на некаторы час была заблякаваная ў ЗША, але потым атрымала адтэрміноўку дзякуючы прэзыдэнцкаму ўказу, выдадзенаму ў панядзелак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG