Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская паліцыя арыштавала больш за 60 чалавек за антысэміцкія беспарадкі ў аэрапорце Махачкалы

абноўлена

Удзельнікі пагрому перад махачкалінскім аэрапортам
Удзельнікі пагрому перад махачкалінскім аэрапортам

29 кастрычніка ўдзельнікі прапалестынскай акцыі шукалі габрэяў з рэйсу, які прыляцеў з Тэль-Авіву. Ёсьць шмат пацярпелых.

Міністэрства аховы здароўя Дагестану паведаміла, што пры беспарадках у аэрапорце пацярпелі больш за 20 чалавек. Двое зь іх у вельмі цяжкім стане. Дзесяць чалавек шпіталізавалі, у астатніх дзесяці — лёгкія траўмы.

Аэрапорт адновіць працу не раней за 31 кастрычніка.

МУС Расеі заявіла, што паліцыянты затрымалі больш за 60 удзельнікаў пагромаў.

Агулам паліцыя адзначыла, што ўстанавіла асобы 150 удзельнікаў, а значыць, затрыманьні і арышты яшчэ будуць. У пагромах пацярпелі 9 паліцыянтаў.

29 кастрычніка каля тысячы чалавек на антысэміцкай акцыі заблякавалі махачкалінскі аэрапорт — яны выйшлі на пратэст у связі з прыбыцьцём рэйсу Тэль-Авіў — Махачкала. Пратэстоўцы ўчынілі пагром унутры будынку аэрапорту, а таксама выбеглі на ўзьлётна-пасадачную паласу. «Расавіяцыя» праз гэта закрыла аэрапорт да 6 лістапада.

Паліцыі ў аэрапорце было вельмі мала і спачатку ніхто не рэагаваў на пагромы. Натоўп спыняў аўтамабілі і людзей у пошуках габрэяў. Многія людзі, у якіх у гэты дзень быў вылет з Махачкалы ў іншыя гарады, ня здолелі своечасова трапіць у аэрапорт. Пасажыры рэйсу з Дубаю правялі гадзіну ў салёне самалёта ў мэтах бясьпекі.

Толькі бліжэй да 2 гадзін ночы пратэстоўцы практычна цалкам пакінулі тэрыторыю аэрапорту.

Прадстаўнік галоўнага рабінату Расеі ў Дагестане Авадзія Ісакаў у інтэрвію выданьню «Подъём» ня выключыў, што габрэйскую грамаду давядзецца эвакуаваць з рэспублікі.

Кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў заявіў, што «ні для каго не сакрэт», што за пагромамі стаіць тэлеграм-канал «Утро Дагестана», зь якога людзей правакавалі на пратэсты. Мелікаў абвінаваціў канал у тым, што ён кіруецца з тэрыторыі Ўкраіны, але ніякіх доказаў сваім словам не прывёў. Раней гэты тэлеграм-рэсурс належаў колішняму дэпутату расейскай Дзяржаўнай думы Ільлю Панамарову, але той ужо даўно ня мае да каналу дачыненьня.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG